Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Студэнты распачынаюць кампанію пад назвай “Не заганяйся, галасуй толькі 17-га”


Алесь Дашчынскі, Менск У міністэрстве адукацыі створаны штаб па падрыхтоўцы і правядзеньні рэфэрэндуму і выбараў, які ачольвае міністар Аляксандар Радзькоў. Штабісты ўзмацнілі адпаведную тлумачальную работу ў навучальных установах. Тым часам студэнты распачынаюць кампанію “Не заганяйся!”

У штабе міністэрства адукацыі працуе 15 чалавек – міністэрскія чыноўнікі, сябры савета рэктараў, кіраўнікі шэрагу навучальных устаноў. У міністэрстве ёсьць выстава прапагандысцкіх матэрыялаў па выніках сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі, па ідэалёгіі беларускай дзяржавы, тут жа выступы і лекцыі прэзыдэнта Лукашэнкі.

Штаб узаемадзейнічае з камітэтамі па адукацыі ў абласьцях і так званымі ініцыятыўнымі студэнцкімі штабамі, створанымі ў некаторых унівэрсытэтах. Цяпер вядзецца праверка падрыхтаванасьці навучальных установаў да палітычнай кампаніі. У міністэрстве адбылася сустрэча з сакратаром Цэнтрвыбаркаму Мікалаем Лазавіком, ва ўсіх установах адукацыі прайшоў адзіны дзень інфармаваньня.

Вось што нам паведаміла кіраўніца Зьвязу беларускіх студэнтаў Вольга Кузьміч:

(Кузьміч: ) “Штодня адбываюцца розныя паседжаньні ва ўнівэрсытэтах, дэканаты распавядаюць як трэба галасаваць. У БАТУ ўвогуле выступаў начальнік акадэміі МУС і распавядаў як важна прагаласаваць “за”, але з боку студэнтаў ніхто ня ходзіць і ніяк не агітуе. Толькі выкладчыкі ходзяць і дэканаты”.

Яшчэ сябраў БРСМ падвозяць на аўтобусах да навучальных карпусоў з расьцяжкай “За рэфэрэндум”.

Паводле Вольгі Кузьміч, у Аграрна-тэхнічным унівэрсытэце студэнтаў павядуць галасаваць групамі:

(Кузьміч: ) “Студэнты у прынцыпе ня маюць выбару, таму што ім пагражаюць вельмі шмат якімі наступствамі, а ў тэхналягічным унівэрсытэце зрабілі выходны 16 кастрычніка, рэктар выступаў перад студэнтамі і сказаў, усе галасуем “за”, галасуем датэрмінова, а 16 можам зьяжджаць дадому”.

Сябры Зьвязу беларускіх студэнтаў распачынаюць кампанію супраць датэрміновага галасаваньня пад лёзунгам “Не заганяйся!”

(Кузьміч: ) “Гэта слова вельмі папулярнае ў студэнцкім асяродку, таму што ўсіх заганяюць, студэнты паміж сабой запытваюць: “Ці вас ужо гналі на выбары?”, “Ці вас ужо гоняць?”. Таму лёзунг у нас будзе “Не заганяйся, галасуй толькі 17-га”.
XS
SM
MD
LG