Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці паспрыяюць улады ўшанаваньню памяці ахвяраў у Курапатах?


Ганна Соусь, Менск 9 кастрычніка ва ўрочышчы Курапаты адбылася чарговая талака напярэдадні Дзядоў. Актывісты грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” зьвяртаюцца зь лістамі да прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага й кіраўніка Менгарвыканкаму Міхаіла Паўлава.

Раніцай я спаткала ва ўрочышчы актывіста Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімера Юхо, які касіў траву на курапацкім пагору. Я гутару са спадаром Уладзімерам, стоячы ля каменя, дзе калісьці была прымацаваная шыльда ад Савету міністраў БССР, якую гэтым летам зьнялі невядомыя вандалы.

(Юхо: ) “Сёньня я, як заўсёды ў суботу, прыходжу на талаку ў Курапаты, і засьпеў тут вялікую групу жыхароў з Наваполацку. Яны самі знайшлі гэта месца, і я правёў зь імі экскурсію па гэтым сьвятым для беларусаў месцы. Мы, сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ, працавалі тут кожную суботу, а ў наступную суботу будзем ладзіць талаку перад Дзядамі, усталюем яшчэ шмат крыжоў”.

Разам з Уладзімерам Юхо сёньня Курапаты добраўпарадкоўвалі іншыя актывісты КХП БНФ. Тэрыторыя ўрочышча ўжо добра прыбраная, высечаны хмызьняк, ня бачна сьмецьця, адзіна што пляцоўка ля крыжа “Пакутнікам Беларусі” ўся ў лужынах ад сьцёкаў зь Менскай кальцавой дарогі.

Тым часам актывісты грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” падрыхтавалі ліст да прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага. Гаворыць актывістка ініцыятывы Валянціна Трыгубовіч.

(Трыгубовіч: ) “Мы просім яго разгледзець тры нашы асноўныя прапановы: аб стварэньні камісіі альбо рабочай групы з прадстаўнікоў грамадзкасьці і выканаўчай ўлады для выпрацоўкі агульных дзеяньняў у справе ўшанаваньня ў Курапатах памяці бязьвінных ахвяраў; мы просім вырашыць пытаньне пра ўласьніка, гаспадара гэтай гісторыка-культурнай каштоўнасьці, які мог бы належным чынам забясьпечыць яе ахову і мэмарыялізацыю; і прапануем унесьці ў бюджэт Беларусі асобны артыкул “фінансавыя выдаткі на зьберажэньне гісторыка-культурнай каштоўнасьці Курапаты і добраўпарадкаваньне яе ахоўнай зоны”.

Паводле актывісткі курапацкай ініцыятывы Валянціны Трыгубовіч, адпаведны ліст будзе накіраваны Сяргею Сідорскаму напачатку наступнага тыдня. А на імя кіраўніка Менгарвыканкаму Міхаіла Паўлава будзе адпраўлены зварот з прапановай ўсталяваць мэмарыяльную дошку аб трагедыі ва ўрочышчы на адным з дамоў вуліцы Курапацкай. Раней яна мела назву “Сірэневая” й была перайменавана сёлета ў чэрвені.
XS
SM
MD
LG