Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радэк Сікорскі: “Значэньне Акту – экстраардынарнае”


Алеся Сёмуха, Вашынгтон Інтэрвію з Радэкам Сікорскім – выканаўчым дырэктарам ініцыятывы “Новая Атлянтыка” і дасьледчыкам у “American Enterprise Institute”. Ён – колішні палітычны ўцякач з Польшчы, які атрымаў адукацыю ў Вялікабрытаніі, працаваў журналістам, намесьнікам міністра абароны, а потым намесьнікам міністра замежных спраў Польшчы, цяпер жыве і працуе ў ЗША.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы ацэньваеце важнасьць прыняцьця Акту аб дэмакратыі ў Беларусі ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі, разьвіцьця дэмакратыі й беларуска-амэрыканскіх стасункаў?”

(Радэк Сікорскі: ) “Я думаю, важнасьць гэтага Акту сягае нашмат далей. Мы тут маем справу ня проста з дыктатурай недзе, а з апошняй дыктатурай у Эўропе, на самых межах з Эўразьвязам і Расеяй. І што найбольш турбуе, дык гэта тое, што Беларусь выкарыстоўваецца як лябараторыя для палітычных мэтадаў і інстытуцыйных дзеяньняў, якія празь некалькі гадоў патрапяць у Расею, якая, вядома, нашмат большая і важная краіна. Лукашэнка раней выпрабаваў тое, што зараз спрабуе рабіць прэзыдэнт Пуцін – адкінуць дэмакратычнае абраньне губэрнатараў, незалежнасьць сродкаў інфармацыі, акадэмічных інстытуцыяў і г.д. І хіба найбольш важнае – выкарыстаньне “эскадронаў сьмерці”. Лукашэнка карыстаўся ім, каб пазбавіцца сваіх палітычных апанэнтаў, а прэзыдэнт Пуцін выкарыстоўвае іх для забойства чачэнскіх лідэраў і падазраваных у тэрарызме. Праблема тут у тым, што калі такія эскадроны створаныя, пасьля ад іх цяжка пазбавіцца: яны растуць, а не зьнікаюць і шукаюць новых ахвяр. Так што, я думаю, значэньне Акту – экстраардынарнае. Ён называе імёны й сынхранізуе з рэальнасьцю тое, што мы выступаем за дэмакратыю ня толькі ў арабскім сьвеце, але паўсюдна.

Раней мы былі адкрытыя да абвінавачваньняў у падвоеных стандартах, калі мы карысталіся рэсурсамі, нават і ваеннымі, каб зьнішчыць дыктатуру ў адной краіне і замоўчвалі сытуацыю ў Расеі і Беларусі. Я таксама спадзяюся, што гэты Акт прымусіць Эўразьвяз рабіць болей. 10 мільёнаў людзей – сябраў Эўразьвязу, жывуць на мяжы зь Беларусьсю, а Эўразьвяз зрабіў меней за Амэрыку”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці дапаможа прыняцьце Акту зьмяніць палітычныя прыярытэты Амэрыкі – альбо гэта хутчэй бяззубая сымболіка?”

(Радэк Сікорскі: ) “Акт зможа прынесьці зьмены, калі палітычная воля будзе падмацаваная рэсурсамі. Я згодны, што адміністрацыя мусіць даць гэтаму акту “зубы”. Таму што мы мусім выкарыстоўваць найлепшыя прыклады пашырэньня дэмакратыі і правоў чалавека, якія былі пасьпяхова выкарыстаныя падчас канфрантацыі з Савецкім Саюзам на іншыя дыктатуры – ці то ў Беларусі, Іране, Бірме ці іншых месцах.

Я памятаю сваё жыцьцё пад камунізмам, у Польшчы, калі мы былі аддзеленыя ад вольнага сьвету, і я памятаю, якую важкасьць мелі такія на першы погляд малаістотныя жэсты. Кожны паляк майго пакаленьня памятае сьвечку, якую прэзыдэнт Рэйган запаліў у Белым Доме ў сьнежні 1981, пасьля таго як Ярузэльскі ўвёў вайсковае становішча й арыштаваў тысячы актывістаў. Гэтыя акты салідарнасьці з прыгнечанымі народамі нам могуць здавацца малаважнымі, але яны вельмі важныя для людзей, якія іначай думалі б, што яны забытыя”.

(Карэспандэнтка: ) “Чаму пасьля доўгага ляжаньня ў Кангрэсе Акт раптам быў вельмі хутка прыняты?”

(Радэк Сікорскі: ) “Я думаю, што ў апошнія месяцы людзі сталі лепш разумець, што справы ў Расеі ідуць не на карысьць дэмакратычных працэсаў. І калі б Расея зараз стала дыктатурай і паспрабавала адбудаваць сваю імпэрыю, тады лёс такіх краін як Беларусь, Украіна, Малдова, Грузія быў бы пераломны. Я думаю, мы мусім прадэманстраваць салідарнасьць і прадэманстраваць усім, што рэстаўрацыя Расейскай імпэрыі ня будзе дапушчаная, што мы сочым за падзеямі й будзем супрацоўнічаць з тымі, хто хоча незалежнасьці і дэмакратыі ў гэтых краінах”.

(Карэспандэнтка: ) “Прыняцьце Акту – гэта рэакцыя Кангрэсу на беспасьпяховую палітыку Дзярждэпартамэнту. Нядаўні артыкул у “The Wall Street Journal” пісаў пра тое, што адміністрацыя Буша зьвяртае недастаткова ўвагі на Беларусь і Ўкраіну і зашмат увагі на Расею. Калі Буш застанецца прэзыдэнтам на другі тэрмін – ці зьменіць яго зьнешнепалітычнае ведамства падыходы й забясьпечыць Акт сродкамі, альбо палітыка застанецца ранейшая?”

(Радэк Сікорскі: ) “Нават калі Буш застанецца пры ўладзе, гэта ня значыць, што Дзяржсакратар застанецца той самы. Я ня ведаю, хто будзе кіраваць амэрыканскай зьнешняй палітыкай. Але я ведаю, што гэта ў жыцьцёвых інтарэсах Амэрыкі і Эўропы, каб тыя краіны, якія вярнулі сабе незалежнасьць пасьля развалу СССР, утрымалі сваю незалежнасьць. Мы таксама вінныя Беларусі і Ўкраіне за той факт, што яны дабраахвотна пазбыліся ядзернай зброі й заслугоўваюць гарантыяў бясьпекі сваёй незалежнасьці. Але я пагаджаюся, адміністрацыя застаецца пасіўнай, і ня толькі ў Беларусі, але й ва ўсёй Эўропе.

Я спадзяюся, што Акт дапаможа адміністрацыі зьмяніць прыярытэты. Бальшыня прэзыдэнтаў пачынае з таго, што спрабуе ўсталяваць кантакт з Расеяй – хай там Сталін, Гарбачоў ці Пуцін – і потым яны прыходзяць да разуменьня, што яны могуць паразумецца толькі з тымі, хто спрабуюць быць дэмакратамі, таму што аўтакратычная Расея непазьбежна паспрабуе рабіць тое, што не адпавядае нашым інтарэсам. І калі Пуцінская Расея спрабуе быць саюзьнікам ЗША ў барацьбе з тэрарызмам, але насамрэч вядзе генацыдную вайну ў Чачні, дык гэтым Расея робіць вайну з тэрарызмам больш складанай. Таму што гэта пераконвае памяркоўных мусульман у тым, што ўвесь сьвет супроць іх. Калі Буш гаварыў пра Пуцінскую Расею як пра краіну, у якой дэмакратыя і законнасьць квітнеюць, ён гаварыў няпраўду і паспрыяў зьмяншэньню даверу да ЗША ў вачох усіх, каго закранае расейская палітыка”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці лічыце вы, што для ЗША сувязі рэжыму Лукашэнкі з адмываньнем грошай і продажам зброі зьяўляюцца больш важкай падставай, каб узьняць прыярытэтнасьць Беларусі, чым парушэньні правоў чалавека і нават палітычныя зьнішчэньні?”

(Радэк Сікорскі: ) “Я падазраю, што гэта так, бо ЗША факусіруюцца на нечым адным у пэўны адрэзак часу. Цяперашні фокус – на вайне з тэрарызмам. І таму замяшанасьць Лукашэнкі ў вайну з тэрарызмам мае зараз большую важкасьць, чым забойствы яго палітычных апанэнтаў. Але гэта добра. Гэта значыць, што яго злавілі і што мы можам нешта зрабіць, каб утаймаваць гэтыя рэжымы-ізгоі”.
XS
SM
MD
LG