Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыса Хамайду затрымалі за “чорны квадрат”, але пасьля адпусьцілі


Браніслава Станкевіч, Віцебск Трэці дзень запар каля “Сіняга дому” працягваецца палітычны пэрфомэнс. Спачатку Барыс Хамайда выйшаў туды з чыстым аркушам паперы замест плякату, а ўчора на паперы зьявіўся чорны квадрат.

Сымболіка гэтае выявы на плякаце апазыцыянэра істотна адрозьнівалася ад тае ідэі, якую ў свой час увасобіў славуты Казімер Малевіч: спадары Хамайда й Плешчанка тлумачылі цікаўным мінакам, што такога колеру будзе доля ўсіх беларусаў, калі яны дазволяць Аляксандру Лукашэнку кіраваць імі яшчэ й трэці тэрмін.

Мінулыя два дні міліцыянты ставіліся да гэтага вулічнага пэрфомансу досыць спакойна. Яны пад’яжджалі, назіралі, раіліся зь кімсьці па рацыі ды ўрэшце зноў зьяжджалі. Але сёньняшні патруль аказаўся надзвычай пільны: міліцыянт, які падышоў да спадара Хамайды, безапэляцыйна заявіў, што гэты чорны квадрат сымбалізуе нешта кепскае, і на ўсялякі выпадак завёз спадара Хамайду ў Чыгуначны РАУС.

Аднак міліцэйскае кіраўніцтва аказалася больш дасьведчаным у выяўленчым мастацтве і адразу пазнала на плякаце твор Малевіча. Прызнаўшы, што гэткую “выставу аднаго твору” наўрад ці можна лічыць пікетам, міліцыянтам давялося завезьці “чорны квадрат” разам з Барысам Хамайдам назад, да “сіняга дому”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG