Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Тэлефонны тэрарызм” у дачыненьні гомельскай грамадзкай арганізацыі “Прававая ініцыятыва”


Казімір Яноўскі, Гомель 7 кастрычніка ў Гомелі паводле ананімнага сыгналу міліцыя правярала грамадзкую арганізацыі “Прававая ініцыятыва” наконт нібыта пагрузкі ў аўтобус скрадзеных рэчаў, але насамрэч цікавілася ўлёткамі і газэтай “Неделя”. 8 кастрычніка ў дачыненьні да “Прававой ініцыятывы” быў учынены “тэлефонны тэрарызм”. Савецкі райаддзел міліцыі сьцьвярджае, што паступіў ананімны сыгнал: у памяшканьні знаходзіцца выбуховае прыстасаваньне.

Напрыканцы дня міліцыя дзьве гадзіны трымала ў аблозе невялікае памяшканьне былой крамы на вуліцы Берасьцейскай, дзе месьціцца “Прававая ініцыятыва”. Галіне Скараход ды ўсім іншым прысутным загадалі пакінуць памяшканьне:

(Скараход:) “Сабралася такая вялізная каманда міліцыянтаў, прадстаўнікоў КГБ, сапёрна-піратэхнічная служба, пажарныя, хуткая мэдычная дапамога, газавая служба. Ачапілі ўсю вуліцу. Гэта жахліва”.

Грамадзкія актывісты асьцерагаліся правакацыі й не рашаліся напачатку адкрываць памяшканьне. Чакалі, пакуль прыедуць сябры арганізацыі, прадстаўнікі пракуратуры, назіральнікі, журналісты. Ператрус цягнуўся хвілінаў сорак.

Аблогу зьнялі, і я папрасіў прысутнага ў памяшканьні пракурора Савецкага раёну Уладзімера Падсекіна распавесьці пра вынікі агляду:

(Падсекін:) “Агледзелі памяшканьне, нічога не знайшлі. На жаль, у нас падобныя факты не адзінкавыя. Гэта хуліганства. Крымінальная сытуацыя складаная”.

Вядомы палітык Віктар Карнеенка, які да ператрусу і падчас яго знаходзіўся ў памяшканьні і назіраў за ўсім, сказаў нашаму радыё:

(Карнеенка: ) “Безумоўна, гэта правакацыя, чарговая правакацыя, якую робяць улады. І такім чынам ладзіцца кампанія міліцэйскаму генэралу Глухоўскаму, які балятуецца ў гэтай акрузе”.

Памяшканьне “Прававой ініцыятывы” сапраўды знаходзіцца на тэрыторыі выбарчай акругі №37, дзе ў трэці раз балятуецца кандыдатам у дэпутаты парлямэнту генэрал міліцыі Леанід Глухоўскі. І такое супадзеньне: калі міліцыя заканчвала ператрус на вуліцы Берасьцейскай, у кандыдата Глухоўскага пачыналася сустрэча з выбарцамі ў адной са школаў акругі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG