Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вэнэцыянская камісія Рады Эўропы: “Лукашэнка ўнёс відавочна незаконны асабісты элемэнт у пытаньне рэфэрэндуму”


Юры Сьвірко, Менск Паводле ўхваленага ў пятніцу ў Вэнэцыі “Меркаваньня аб рэфэрэндуме 17 кастрычніка 2004 году ў Беларусі”, Вэнэцыянская камісія Рады Эўропы лічыць, што прапанаванае Аляксандрам Лукашэнкам пытаньне гэтага рэфэрэндуму не адпавядае эўрапейскім стандартам.

На падставе камэнтароў двух экспэртаў, італійца Сэрджыа Бартоле ды ірляндца Мэцью Расэла, Вэнэцыянская камісія ўхваліла выснову, якая зазначае, што “вынесенае на рэфэрэндум пытаньне выклікае шэраг пярэчаньняў, у прыватнасьці:

-яно часткова знаходзіцца ў наўпроставай супярэчнасьці з выбарчым заканадаўствам;

-яно зьмешвае незаконны прывілей для адной асобы з пытаньнем большай, агульнай значнасьці;

-яго прыняцьце далей пагоршыць дэфіцыт дэмакратыі ў краіне, які ўжо характарызуецца празьмернымі паўнамоцтвамі прэзыдэнта без адэкватных стрымліваньняў і процівагаў;

-існуе заклапочанасьць што да таго, ці будзе мажлівае свабоднае й справядлівае галасаваньне”.

Вэнэцыянская камісія таксама зазначае, што “некаторых, аднак ні ў якім разе ня ўсіх з гэтых заклапочанасьцяў і пярэчаньняў можна было б лёгка пазьбегнуць, калі б прэзыдэнт абмежаваў рэфэрэндум канстытуцыйным пытаньнем, заявіўшы сваю кандыдатуру на трэці тэрмін пасьля таго”.

Паводле камісіі, “тое, што ён зрабіў гэта ня так, уводзячы дадаткова відавочна незаконны асабісты элемэнт у пытаньне рэфэрэндуму, паказвае падыход да функцыянаваньня дзяржавы, які наўпрост супярэчыць эўрапейскім дэмакратычным стандартам”.

Таксама Вэнэцыянская камісія прыйшла да высновы, што “дзеяньні прэзыдэнта Беларусі падаюцца заснаванымі на ўяўленьні, што ўсенароднае галасаваньне наконт даверу ягонай пэрсоне вызваліць яго ад усялякага абавязку выконваць канстытуцыйныя ды законныя правілы, што маюць сілу ў ягонай краіне”.
XS
SM
MD
LG