Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэнтрвыбаркам адмяняе рэгістрацыю кандыдатаў, не ўваходзячы ў сутнасьць справы


Алесь Дашчынскі, Менск На сёньняшнім паседжаньні Цэнтрвыбаркам пацьвердзіў рашэньне акруговых камісіяў аб адмене рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Леры Сом і Аляксандра Валчаніна. Такім чынам, яшчэ на дваіх паменела колькасьць кандыдатаў, якія выступаюць на плятформе кааліцыі “Пяцёрка плюс”.

Сябра БНФ Лера Сом зьнятая зь перадвыбарчай дыстанцыі за тое, што яе давераная асоба быццам бы распаўсюджвала ананімную агітацыйную прадукцыю — улёткі “Скажы Лукашэнку “Не!” Абвінавачаньне складзена на падставе заявы грамадзянаў, імёны якіх не называюцца. Усе сябры Цэнтрвыбаркаму прагаласавалі “за”. Раней гэтак жа яны падтрымалі вынясеньне папярэджаньня спадарыні Сом за тое, што яна не пайшла ў адпачынак на пэрыяд перадвыбарчай кампаніі.

Як цьвердзяць сябры ЦВК з дарадчым голасам, на паседжаньні не ўстаноўлена ніякай сувязі паміж абвінавачаньнямі ў распаўсюдзе агітацыйных матэрыялаў кандыдата зь перадвыбарчымі матэрыяламі, якія вырабляліся масава: фактычна, гэтыя доказы адсутнічаюць.

Пасьля адмены рэгістрацыі Леры Сом у Полацкай гарадзкой выбарчай акрузе засталіся толькі два кандыдаты: дзейны дэпутат і сябра ПКБ, які таксама мае скаргі да камісіі. Дарэчы, акругаў, дзе засталіся толькі па два кандыдаты, цяпер у краіне 16.

Бурную дыскусію на паседжаньні ЦВК выклікала таксама рашэньне акруговай камісіі аб адмене рэгістрацыі сябра АГП, фэльчара хуткай дапамогі з Жодзіна Аляксандра Валчаніна. Яго давераную асобу зьвінавацілі ва злоўжываньні правам перадвыбарчай агітацыі – у бясплатным распаўсюдзе вядомай кнігі Паўла Шарамета і Сьвятланы Калінкінай “Выпадковы прэзыдэнт”. Інцыдэнт адбыўся на прыватнай кватэры даверанай асобы; невядома, у якіх абаставінах была перададзена гэтая кніга – заявіў сябра Цэнтрвыбаркаму з дарадчым голасам Міхаіл Пліско.

(Пліско: ) “Камісія падыходзіць вельмі фармальна да разгляду гэтых справаў. Урэшце, яна сама можа ўзяць любое пытаньне да разгляду, якое датычыцца выбарчага працэсу: ці рэгістраваць кандыдата ці не рэгістраваць. Але Цэнтральная камісія зыходзіць з тых дакумэнтаў, якія складаюцца на месцах супрацоўнікамі міліцыі, супрацоўнікамі пракуратуры, ці зь нейкіх заяваў, якія трапляюць у акруговую камісію, а пасьля трапляюць у Цэнтральную камісію. Ня вельмі яны ўлазяць у сутнасьць гэтых справаў, проста фармальна падтрымліваюць і прымаюць адпаведнае рашэньне”.

Выбарчая камісія магла абмежавацца толькі папярэджаньнем Аляксандру Валчаніну, якіх у яго не было, але яна адразу зьняла кандыдата зь перадвыбарчай дыстанцыі.

Цэнтрвыбаркам таксама разгледзеў іншыя скаргі кандыдатаў. Камісія пакінула папярэджаньне галоўнаму рэдактару газэты “Борисовские новости” Анатолю Букасу за тое, што ў выходных зьвестках газэты было ягонае прозьвішча, а гэта азначае, што ён не пайшоў у адпачынак на час кампаніі.

(Букас: ) “Пакуль існуе сёньняшні рэжым, мяне ніколі не дапусьцяць у Палату прадстаўнікоў. Таму што я ня той кандыдат, які ім патрэбны”.

Калі Анатоль Букас папрасіў запатрабаваць арыгіналы макетаў газэты з друкарні, каб засьведчыць, хто насамрэч іх падпісаў, старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына сказала:

(Ярмошына: ) “А мы не праводзім расьсьледаваньня!”
XS
SM
MD
LG