Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што ўтрымлівае “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”?


Кастусь Бандарук, Прага У зацьверджаным Сэнатам ЗША “Акце аб дэмакратыі ў Беларусі” гаворыцца:

“Злучаныя Штаты выступаюць з падтрымкай разьвіцьця дэмакратыі, павагі да правоў чалавека й вяршэнства закону ў Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасьці зь яе абавязкамі, якія вынікаюць зь сяброўства краіны ў Арганізацыі бясьпекі й супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ)”.

Сярод прычынаў прыняцьця гэтага Акту кангрэсмэны, акрамя незаконнага рэфэрэндуму 1996 году, называюць працяг Лукашэнкам у 2001 годзе прэзыдэнцкага тэрміну, жорсткі разгон і падаўленьне мірных дэманстрацыяў, а таксама тое, што:

-Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі, Юры Захаранка, лідэры й прыхільнікі дэмакратычных сілаў ў Беларусі, а таксама журналіст Дзьмітры Завадзкі, вядомы сваімі крытычнымі рэпартажамі пра Беларусь, зьніклі бязь весткі, і мяркуецца, што іх няма між жывых;

-беларускія ўлады актыўна падаўляюць свабоду слова й выказваньня, у тым ліку сваім удзелам у сыстэматычных рэпрэсіях супраць незалежных мэдыяў;

-рэжым Лукашэнкі спыніў адраджэньне беларускай мовы й культуры, сярод іншага пасярэдніцтвам закрыцьця Нацыянальнага Гуманітарнага Ліцэю – астатняй сярэдняй школы, дзе выкладаньне вялося па-беларуску;

-рэжым Лукашэнкі перасьледуе Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву, Рымска-каталіцкую Царкву, габрэйскую грамаду, індуісцкую абшчыну, эвангельскія пратэстанцкія цэрквы, такія як суполкі баптыстаў і пяцідзесятнікаў, а таксама іншыя меншынёвыя рэлігійныя групы;

-закон “Аб свабодзе веравызнаньня і рэлігійных арганізацыях”, прыняты Нацыянальным Сходам і падпісаны Лукашэнкам 31 кастрычніка 2002 году, усталёўвае адну з найбольш рэпрэсіўных юрыдычных сыстэмаў у рэгіёне АБСЭ, якая істотна абмяжоўвае рэлігійныя свабоды і ўводзіць жорсткі дзяржаўны кантроль за рэлігійнымі практыкамі.

У рубрыцы, прысьвечанай мэтам “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі”, гаворыцца, што дапамога ва ўмацаваньні дэмакратыі й грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі павінна ўключаць:

-назіраньне за выбарамі й спрыяньне свабоднаму й справядліваму выбарчаму працэсу;

-разьвіцьцё дэмакратычных палітычных партыяў;

-радыё- і тэлетрансьляцыі з-за межаў і ў межах Беларусі;

-разьвіцьцё няўрадавых арганізацыяў, якія выступаюць за дэмакратыю і ў абарону правоў чалавека;

-разьвіцьцё незалежных мэдыяў, разьмешчаных у Беларусі й па-за межамі краіны, а таксама падтрымку недзяржаўных выдавецтваў;

-міжнародны абмен і праграмы прафэсійнага навучаньня лідэраў і сябраў дэмакратычных арганізацыяў у істотных для ўмацаваньня грамадзянскай супольнасьці накірунках.

У “Акце аб Дэмакратыі ў Беларусі” зьмешчаная агаворка, што на працягу тэрміну ў 1 год, які пачынаецца не пазьней як 90 дзён ад моманту падпісаньня Акту, прэзыдэнт ЗША павінен перадаць адпаведным камісіям Кангрэсу справаздачу наконт:

-продажу й паставак Рэспублікай Беларусь зброі і зьвязаных з узбраеньнем тэхналёгіяў у любую краіну, якая, паводле Дзярждэпаратаменту ЗША, аказвала падтрымку міжнароднаму тэрарызму;

-усіх краінаў, уцягнутых у гэты продаж, і наконт зброі, якая была прадметам гандлю;

-тавараў, паслугаў, крэдытаў і таму падобнага, якія Беларусь атрымала ў замен за зброю альбо ваенныя тэхналёгіі.

-асабістай маёмасьці й багацьця Аляксандра Лукашэнкі ды іншых сяброў кіраўніцтва беларускага ўраду.
XS
SM
MD
LG