Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд не задаволіў пазоў незалежнага прафсаюзу РЭПАМ да Міністэрства юстыцыі


Галіна Абакунчык, Менск Вярхоўны суд Беларусі адмовіўся задаволіць пазоў незалежнага Прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці, аўтамабільнага й сельскагаспадарчага машынабудаваньня да Міністэрства юстыцыі ў справе ануляваньня рэгістрацыі. Незалежны прафсаюз быў зьліквідаваны нібыта з прычыны адсутнасьці кворуму на аб’яднаным сходзе. У кіраўніцтве аб’яднаньня заяўляюць пра палітычную матываванасьць такога рашэньня й намерваюцца стварыць новы незалежны прафсаюзны рух.

Зьмены ў статуце пра аб’яднаньне, перайменаваньне прафсаюзу ў РЭПАМ і ягоны магчымы выхад са складу Фэдэрацыі прафсаюзаў, прынятыя на сходзе, былі зарэгістраваныя ў Мін’юсьце. Але калі абноўлены прафсаюз выйшаў са складу ФПБ, то Міністэрства юстыцыі яго зьліквідавала, што замацаваў таксама сваім рашэньнем і Вярхоўны суд. Гаворыць адзін з сустаршыняў прафсаюзу Аляксандар Бухвостаў:

(Бухвостаў: ) “Гэта палітычнае рашэньне: пракурор і судзьдзя дамовіліся й выканалі загад, які быў вызначаны адміністрацыяй прэзыдэнта й Фэдэрацыі прафсаюзаў. Гэткім чынам зьнішчаюцца прафсаюзы, якія выйшлі з Фэдэрацыі. І цяпер прафсаюзы падпарадкаваныя дзяржаве”.

Кіраўніцтва прафсаюзу ў асобе сустаршыняў Аляксандра Бухвостава й Генадзя Фядыніча заяўляюць, што адказам на закрыцьцё стане стварэньне новага незалежнага прафсаюзнага руху ў Беларусі.

Пэрсанальны перасьлед былога кіраўніка Прафсаюзу аўтамабільнага й сельскагаспадарчага машынабудаваньня Аляксандра Бухвостава й Прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзя Фядыніча адбываецца паводле публічнага загаду кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі.

У зьвязку са шматлікімі прыкладамі ўмяшальніцтва ўладаў у дзейнасьць прафсаюзаў, а таксама парушэньня правоў чальцоў незалежнага прафсаюзнага руху ў Міжнароднай арганізацыі працы, якая ёсьць структурным падразьдзяленьнем ААН, створаная адмысловая камісія па Беларусі. Цяпер яна займаецца падсумаваньнем гэтых прыкладаў і падрыхтоўкай адмысловай рэзалюцыі па Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG