Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нобэлеўскую прэмію міру атрымала Вангары Маатаі – кенійская экалягічная актывістка і змагарка за правы жанчын


Кастусь Бандарук, Прага Ляўрэаткай сёлетняй Нобэлеўскай прэміі міру стала прафэсар Вангары Маатаі, віцэ-міністар навакольнага асяродзьдзя й прыродных рэсурсаў ва ўрадзе Кеніі, адна з найбольш вядомых экалягічных дзеячоў у краіне.

Абвяшчаючы ў Осла рашэньне нарвэскага Нобэлеўскага камітэту, яго старшыня Оле Данбольт Мьес сказаў:

(Мьес: ) “Нарвэскі Нобэлеўскі Камітэт вырашыў узнагародзіць Нобэлеўскай прэміяй міру за 2004 год Вангары Маатаі за ейны ўнёсак у разьвіцьцё, дэмакратыю і мір.

Мір на Зямлі залежыць ад нашай здольнасьці захаваць асяродзьдзе, у якім мы жывем. Маатаі стаіць у авангардзе змаганьня за спрыяльныя ў экалягічным сэнсе ўмовы сацыяльнага, эканамічнага і культурнага разьвіцьця ў Кеніі і ў Афрыцы”.

Старшыня Нобэлеўскага Камітэту падкрэсьліў, што Вангары Маатаі “думае глябальна, хаця дзейнічае на мясцовым узроўні”.

“Шчыра дзякую. Для мяне гэта вялікая нечаканасьць”, сказала ляўрэатка ў інтэрвію нарвэскаму тэлебачаньню. “Я цалкам агаломшаная й знаходжуся пад вялікім уражаньнем (ад гэтай навіны). Я не спадзявалася на гэта. Я працую дзеля таго, каб ня толькі абараняць навакольнае асяродзьдзе, але й палепшыць сыстэму кіраваньня”.

Ляўрэатка нарадзілася ў 1940 годзе ў Ньеры ў Кеніі. У 1964 годзе закончыла біялягічны факультэт ў амэрыканскім штаце Канзас, пасьля вучылася ў Пітсбургу і ў Нямеччыне. У якасьці першай жанчыны ў Афрыцы Маатаі атрымала званьне доктара ў галіне біялёгіі. У 1971 годзе яна стала першым выкладчыкам вэтэрынарнай анатоміі, а пасьля – дэканам вэтэрынарнага факультэту на ўнівэрсытэце ў Найробі.

Маатаі актыўна займалася грамадзкімі і эканамічнымі праблемамі жанчын у Кеніі. У якасьці старшыні арганізацыі “Нацыянальная Рада Жанчын Кеніі” Маатаі выступала за павялічэньне ролі жанчын у грамадзкім жыцьці.

У 1977 годзе прафэсар Маатаі ініцыявала стварэньне экалягічнага руху “Зялёная паласа”, які пашырыў сваю дзейнасьць на 30 краінаў Афрыкі й сьвету. Цягам 25 гадоў удзельнікі й прыхільнікі руху, пераважна жанчыны, пасадзілі каля 20 мільёнаў дрэваў. Працу атрымалі 80 мільёнаў кенійцаў.

Вангары Маатаі падвяргалася многім нападам, паколькі рашуча выступала супраць масавай высечкі лясоў і разам са сваімі прыхільнікамі саджала дрэвы на месцах, прызначаных пад забудову. У 90-я гады Вангары Маатаі была некалькі разоў арыштаваная і рэпрэсаваная за дзейнасьць у абарону правоў чалавека, правоў жанчын, дэмакратыі й аховы навакольнага асяродзьдзя; была сябрам апазыцыі. Пасьля выбараў у 2002 годзе Маатаі стала дэпутатам кенійскага парлямэнту, а пасьля – сябрам кабінэту прэзыдэнта Мваі Кібакі.

Нобэлеўская прэмія міру будзе ўручаная сёлетняй ляўрэатцы ў Осла 10 сьнежня.
XS
SM
MD
LG