Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рада Эўропы заклапочаная беларускім рэфэрэндумам


Юры Сьвірко, Менск У пятніцу 8 кастрычніка ў Страсбуры адбылося паседжаньне падкамітэту ПАРЭ па Беларусі, а ў Вэнэцыі распачалася сэсія Вэнэцыянскае камісіі Рады Эўропы. На абодвух паседжаньнях адным з галоўных пытаньняў быў рэфэрэндум пра зьмену беларускае Канстытуцыі.

Раніцай у Страсбуры ў апошні дзень восеньскай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы яе падкамітэт па Беларусі правёў чарговую сустрэчу, на якой абмеркаваў сытуацыю ў краіне пасьля пачатку дзеяньня санкцыяў, прапанаваных Хрыстасам Пургурыдэсам, і напярэдадні парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Падкамітэт адзначыў, што на наступным тыдні міністар спорту Беларусі Юры Сівакоў ня будзе дапушчаны на канфэрэнцыю эўрапейскіх міністраў спорту ў Будапэшце, а таксама зьвярнуў увагу на тое, што пасьля гэтага адбудзецца аналягічная канфэрэнцыя міністраў культуры. Хаця міністар Леанід Гуляка не патрапіў пад візавыя санкцыі, усе кантакты зь беларускімі чыноўнікамі мусяць быць спыненыя.

Адначасова падкамітэт па Беларусі пад старшынёўствам нарвэскага парлямэнтара Гаакона Блянкенборга пацьвердзіў, што застаецца ў сіле рашэньне ПАРЭ падтрымліваць сувязі зь беларускай пазапарлямэнцкай апазыцыяй. Адбыўся абмен думкамі пра выбары ў Палату прадстаўнікоў і рэфэрэндум, паколькі Бюро ПАРЭ ўхваліла правесьці паседжаньне беларускага падкамітэту ў Менску яшчэ да 17 кастрычніка. Аднак гэта стала немажлівым, паколькі афіцыйны Менск пасьля дакладу Хрыстаса Пургурыдэса адмовіўся пускаць усіх іншых прадстаўнікоў ПАРЭ ў Беларусь, а тыя не хацелі сустракацца зь беларускімі чыноўнікамі. Таму падкамітэт па Беларусі сабраўся ў Страсбуры.

У той жа дзень у Вэнэцыі распачалася 60-я сэсія Вэнэцыянскае камісіі Рады Эўропы — дарадчага органу ў канстытуцыйных пытаньнях. Прадстаўніца Вэнэцыянскае камісіі ў замежных справах Тацяна Мышэлава сказала Радыё Свабода, што беларускае пытаньне лічыцца вельмі тэрміновым і будзе разгледжанае не пазьней за суботу.

(Мышэлава: ) “Прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы выступіў з ініцыятывай пра запыт у Вэнэцыянскую камісію з нагоды адпаведнасьці плянаванага ў Беларусі рэфэрэндуму эўрапейскім стандартам. Вэнэцыянская камісія афіцыйна атрымала гэты запыт у панядзелак. Выснова была падрыхтаваная ў вельмі сьціслыя тэрміны, і яна будзе прынятая на гэтым пленарным паседжаньні. Яе рыхтавалі некалькі экспэртаў, як звычайна”.

Паводле спадарыні Мышэлавай, пакуль тэкст высновы наконт беларускага рэфэрэндуму – канфідэнцыйны, аднак вельмі верагодна, што дакумэнт будзе прыняты ў пятніцу ўвечары. Вэнэцыянская камісія абяцае адразу даслаць гэты дакумэнт Радыё Свабода — сачыце за нашымі абнаўленьнямі.
XS
SM
MD
LG