Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” стане законам яшчэ да рэфэрэндуму


Валер Каліноўскі, Менск Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу пакуль ніяк не адрэагавалі на прыняцьце Кангрэсам ЗША “Акта аб дэмакратыі ў Беларусі”. МЗС і А.Лукашэнка сёньня таксама ўстрымаліся ад камэнтароў рашэньня Сэнату ЗША. Затое дэпутат Касьцян заявіў, што ЗША фактычна абвесьцілі Беларусі вайну.

Намесьнік старшыні камісіі ў міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Анатоль Красуцкі прагназаваў, што сёньня падчас пленарнага паседжаньня парлямэнт ухваліць адмысловую заяву з асуджэньнем амэрыканскага “Акта аб дэмакратыі ў Беларусі”. Але гэтага не адбылося. Не было й асаблівага абмеркаваньня гэтай тэмы ў кулюарах. Дэпутаты хутка прынялі ў другім чытаньні бюджэт і разьехаліся па акругах весьці перадвыбарчую агітацыю. Савет Рэспублікі ўвогуле на гэтым тыдні не працаваў, і ягонае кіраўніцтва ніяк не пракамэнтавала дзеяньні Кангрэсу ЗША.

З публічным камэнтаром выступіў толькі сьпікер Палаты прадстаўнікоў Вадзім Папоў. Ён заявіў журналістам, што “ціск ЗША на Беларусь выкліканы яе шматвэктаранай палітыкай, незалежнай ад думак розных дзеячоў, і пасьпяховым эканамічным разьвіцьцём”. Са сваім бачаньнем сытуацыі у інтэрвію Радыё Свабода выступіў дэпутат Сяргей Касьцян.

(Касьцян: ) “Злучаныя Штаты Амэрыкі практычна ня тое што ўмяшаліся ва ўнутраныя справы Беларусі, але яны абвясьцілі вайну. А калі пачынаецца вайна – значыць, той народ, супраць якога адбываецца агрэсія, мае права рабіць любыя захады ў любым куточку зямнога шару, паводле свайго меркаваньня, як яму зручна і як яму выгадна”.

Сам Лукашэнка пасьля гучных заяваў, зробленых у сераду, сёньня публічна тэму прыняцьця Акту аб дэмакратыі ў Беларусі сэнатам не камэнтаваў.

Паводле былога старшыні Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча, найбольш небясьпечная для беларускага кіраўніцтва чаканая публікацыя ЗША грашовых рахункаў і маёмасьці А.Лукашэнкі. Гэтым і выкліканая неадэкватная ягоная рэакцыя на акт, упэўнены Станіслаў Шушкевіч:

(Шушкевіч:) “Фактычна, настае цяжкая для яго гадзіна, таму што калі акт увойдзе ў дзеяньне і будуць абнародаваныя рахункі кіраўнікоў і Лукашэнкі, я думаю, што ім прыйдзецца вельмі несалодка, таму што тое, што яны так прысвойваюць сабе грошы дзяржавы, утвараюць бескантрольныя фонды – гэта адназначна. І я не думаю, што калі Кангрэс прыняў такое рашэньне, што няма такога матэрыялу, на падставе якога прэзыдэнт ЗША зробіць гэтую справаздачу. А ён абавязаны гэта зрабіць праз 90 дзён. Мне здаецца, што пастка замыкаецца, і што тое, аб чым тут здагадваюцца, будзе пацьверджана дакумэнтальна. Для яго гэта вельмі небясьпечны час”.

Станіслаў Шушкевіч кажа, што рашэньне Кангрэсу ставіць Беларусь у шэраг іншых краінаў-ізгояў, адносна якіх дзейнічаюць санкцыі ЗША, і таму беларускія грамадзяне павінны зьвярнуць увагу на тое, хто імі кіруе.

Дадамо, што “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” стане законам яшчэ да рэфэрэндуму. Паводле амэрыканскай Канстытуцыі, прэзыдэнт ЗША павінен вярнуць у Кангрэс або падпісаць любы прыняты ім акт цягам 10 дзён, ня лічачы нядзелі. Такім чынам, ухвалены амэрыканскім Сэнатам 5 кастрычніка Акт аб дэмакратыі ў Беларусі можа стаць законам не пазьней за 16 кастрычніка.

Гл. таксама:

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША цалкам падтрымлівае “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”

Што ўтрымлівае “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”?

Радэк Сікорскі: “Значэньне Акту – экстраардынарнае”

Роджэр Патоцкі: “Кангрэс прыняў закон, фокусам якога ёсьць толькі Беларусь, не ў кантэксьце іншых краін, а менавіта як асобная краіна”

Апошняй кропляй для амэрыканцаў сталася справаздача пра ўдзел Беларусі ў адмываньні грошай рэжыму Хусэйна
XS
SM
MD
LG