Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валерыю Шчукіну прысудзілі 10 сутак арышту


Браніслава Станкевіч, Віцебск У Першамайскім раённым судзе Віцебску яго прызналі вінаватым у аказаньні супраціву міліцыянтам, якія выконвалі службовыя абавязкі.

Паводле сьведчаньня Валерыя Шчукіна, ніякага супраціву міліцыянтам, якія затрымлівалі яго ўчора, ён не аказваў, і міліцыянты самі справакавалі той інцыдэнт, які адбыўся ўчора на праспэкце Будаўнікоў.

(Шчукін: ) “Я ішоў на сустрэчу з кандыдатамі ў дэпутаты, якая праводзілася ў кінатэатры “Брыгантына”. Па дарозе раздаваў улёткі, у якіх я заклікаю людзей не ісьці на датэрміновае галасаваньне. Да мяне падышоў міліцэйскі патруль, і мне сказалі, што мяне затрымліваюць дзеля высьвятленьня асобы. Старэйшы ў гэтым патрулі заламіў мне руку за сьпіну, мне стала балюча, і я стаў гаварыць гучней”.

Сёньня на судзе міліцыянты-сьведкі самі не адмаўлялі таго, што вакол іх быў утварыўся вялікі натоўп, што людзі абураліся такім гвалтам над немаладым ужо чалавекам, і што яны, каб не прыцягваць залішне ўвагу грамадзкасьці, мусілі як хутчэй запхнуць спадара Шчукіна ў машыну ды адвезьці ў пастарунак.

У Першамайскім райаддзеле на яго склалі пратакол аб тым, што ён адмаўляўся падпарадкоўвацца загадам супрацоўнікаў міліцыі.

Судзьдзя Першамайскага суду Валянціна Кісьмерошкіна цалкам падзяліла пазыцыю міліцыянтаў і прызнала Валерыя Шчукіна вінаватым. З улікам таго, што за распаўсюд улётак яго затрымлівалі ўжо неаднаразова, спадарыня Кісьмерошкіна прысудзіла апазыцыянэру 10 сутак арышту.

Такім чынам, да 17-га кастрычніка ён будзе знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня. На думку Валерыя Шчукіна, гэта і было галоўнай мэтаю міліцыянтаў, а магчыма, і гарадзкіх уладаў – ізаляваць яго на ўвесь перадвыбарчы тэрмін, каб ён ня мог і надалей распаўсюджваць свае ўлёткі з крытыкай кандыдатаў “ад улады” й заклікамі ня йсьці на датэрміновыя выбары ды сказаць “не” на рэфэрэндуме.

Зрэшты, сказаць уласнае “не” спадар Шчукін пасьпее: час ягонага арышту сканчаецца 17 кастрычніка ў 17.30.
XS
SM
MD
LG