Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хачу, каб у нас на грашовых купюрах былі партрэты розных прэзыдэнтаў”


Ганна Соусь, Менск Як паставіліся менчукі да прыняцьця Сэнатам Кангрэсу ЗША “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі?” Гэта высьвятляла наша карэспандэнтка на менскіх вуліцах.

(Карэспандэнтка: ) “Сэнат Кангрэсу ЗША прыняў “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”, які прадугледжвае падтрымку дэмакратыі й свабоды, а таксама санкцыі супраць найвышэйшых уладаў краіны. Скажыце, калі ласка, як вы да гэтага ставіцеся?”

(Спадарыня: ) “Да гэтага я стаўлюся добра, таму што ЗША жадае дапамагчы нашай краіне. А да маючага адбыцца рэфэрэндуму стаўлюся адмоўна. У нашай краіне зусім няма дэмакратыі”.

(Спадар: ) “У кожнага чалавека ёсьць свае правы, іх нельга заціскаць”.

(Спадар: ) “Да самога Буша стаўлюся дрэнна, бо ён распачаў вайну ў Іраку бяз санкцыяў ААН. Але да Лукашэнкі яшчэ горш”.

(Спадар: ) “Я вельмі дрэнна знаёмы з гэтым актам, але наколькі я валодаю інфармацыяй, то станоўча. Я супраць рэфэрэндуму. Толькі з адной гэтай прычыны трэба ставіць пытаньне ў нацыянальным і міжнародным маштабе”.

(Спадар: ) “На маю думку, гэта занадта. Чаму ЗША павінны ўмешвацца ў палітычныя справы ў Беларусі? У нас свая дзяржава, яна сама павінна вырашаць, наш народ павінен вырашаць”.

(Спадар: ) “Чаму менавіта цяпер, перад выбарамі, калі лёс нашай дзяржавы яшчэ невядомы? Яны, відаць, вельмі разважлівыя людзі й вырашылі ўмяшацца ў самы спрыяльны момант”.

(Спадарыня: ) “Як сказаў наш прэзыдэнт, “гэта нават вельмі добра”.

(Спадар: ) “Я хачу, каб у нас на грошах былі розныя прэзыдэнты”.

(Спадарыня: ) “На маю думку, гэта ня іхная справа, што ў нас тут адбываецца. Гэта іх ніяк ня тычыцца”.

(Спадар: ) “Я лічу, што яны не павінны ўмешвацца ў нашы справы. Беларусь — свабодная краіна, і мы нікому не дазволім, каб нам нехта дыктаваў сваю волю. А Лукашэнка нас задавальняе як прэзыдэнт, і мы яго ізноў абярэм”.

(Спадар: ) “Гэта вельмі добра, што дзесьці за межамі нашай краіны нас ведаюць і пра нас клапоцяцца”.

(Спадарыня: ) “Станоўча”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы лічыце, гэтае рашэньне можа нейкім чынам паўплываць на сытуацыю ў Беларусі?”

(Спадарыня: ) “Думаю, што так, у лепшы бок”.

(Спадарыня: ) “Ня ведаю, якога кшталту санкцыі, ваенныя ці эканамічныя, але я думаю, што так ім і трэба”.
XS
SM
MD
LG