Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Сынайскую паўвыспу, дзе выбухнулі гатэлі, беларускія турысты паляцяць 16 кастрычніка


Ігар Карней, Менск Выбухі адразу ў чатырох гатэлях Эгіпту на Сынайскай паўвысьпе, што ў непасрэднай блізкасьці да Ізраілю, не паўплываюць на рашэньне беларусаў адпачываць у гэтай краіне — лічаць прадстаўнікі беларускіх турыстычных фірмаў. Тым больш што менавіта цяпер у Эгіпце распачынаецца пік сэзону адпачынкаў, а на 16 кастрычніка зь Менску заплянаваны першы авіячартэр якраз на Сынайскую паўвыспу.

Паводле Міністэрства замежных справаў, грамадзянаў Беларусі сярод загіблых і параненых на курортах Эгіпту няма. Найболей пацярпела грамадзянаў Ізраілю, Эгіпту й Расеі; таксама паведамляецца, што ў ліку параненых – украінцы й літоўцы. Колькасьць пацярпелых увесь час карэктуецца: пакуль кажуць пра 31 загіблага, 168 параненых; яшчэ 38 чалавек лічацца зьніклымі.

Беларусаў ад магчымых наступстваў зьберагло тое, што беларускіх турыстаў у гэтай частцы Эгіпту няшмат, паколькі першы рэйс зь Менску заплянаваны на 16 кастрычніка, а ўласна курорты ў зонах Таба, Рас-Султан, Мухайамат-эт-Тарабін і Нувэйба найбольш папулярныя сярод аматараў падводнага плаваньня, што ёсьць таксама досыць дарагой асалодай. Вось што распавяла мэнэджэр эгіпэцкага кірунку фірмы “Сані Трэвэл” Эвеліна:

(Эвеліна: ) “Яны больш вядомыя сярод дайвэраў — так больш правільна называць аматараў падводнага плаваньня. Проста яны знаходзяцца досыць далёка ад Шарм-Эль-Шэйха і лічацца аддаленымі гатэлямі. Аднак нельга казаць, што гэта вельмі дарагія курорты: гатэль, які ўзарвалі, недарагі. 16 кастрычніка ў тым кірунку фірма “Топ-Тур” “падымае” рэйс. Вось там, магчыма, будуць адмовы з боку турыстаў. На Хургаду адмоваў няма. Аднак адразу ж усе запытваюць пра зьніжкі”.

Прадстаўнік яшчэ адной фірмы, “Алатан Тур”, кажа, што гатэлі ў гэтай частцы Сынайскай паўвыспы беларускія турапэратары разглядаюць як пэрспэктыўныя, паколькі яны новыя й надзвычай прэстыжныя.

(Супрацоўнік “Алатан-Туру”: ) “Мы накіроўваем, але пакуль турыстаў туды вельмі маленькі паток. Там проста суцэльныя пяцізоркавыя гатэлі, і недарагіх практычна няма, пераважна толькі дарагія. Гэта маладыя курорты, там толькі новыя, прэстыжныя гатэлі. І новыя курорты, натуральна, маюць пэрспэктыву на будучыню”.

Здавалася, што пасьля трагедыі такія пэрспэктывы мусяць быць моцна адкарэктаваныя. Аднак ад набытых тураў беларусы практычна ніколі не адмаўляюцца, кажа супрацоўніца турфірмы “Latinserviss” Марыя Сьцяпанава.

(Сьцяпанава: ) “Турэччыну трэсла, тэракты там былі — і ўсё адно ўсе езьдзілі. У Эгіпце цяпер танна і цёпла, таксама будуць езьдзіць. Мне здаецца, нашым бяз розьніцы. Хтосьці задумваецца, але ня вельмі”.

Практычна ва ўсіх турыстычных кампаніях кажуць, што беларускія турысты істотна абмежаваныя фінансава, таму альтэрнатывы Эгіпту папросту ня маюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG