Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомельскай вобласьці вядзецца паляваньне на агітатараў супраць трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну


Казімір Яноўскі, Хойнікі Уранку 8 кастрычніка блізу Хойнікаў міліцыя затрымала сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, прэтэндэнта ў кандыдаты ў гэтай акрузе Леаніда Судаленку.

Хойніцкія дзяржаўтаінспэктары на дзьвюх адмысловых аўтамашынах, пры аўтаматах, зь мігаўкамі ды сырэнамі перапынілі мікрааўтобус Леаніда Судаленкі на шашы прыкладна за 10 кілямэтраў да райцэнтру.

(Судаленка: ) “Мяне затрымлівалі, як злачынцу. У Хойніках і Брагіне баяцца, што я буду агітаваць землякоў супраць трэцяга тэрміну Аляксандра Лукашэнкі, а таксама кандыдата ад улады Віталя Куліка”.

У райаддзеле ўнутраных спраў, куды прымусілі ехаць Судаленку, міліцыянты паўторна ўчынілі ператрус мікрааўтобуса. У пакеце пад сядзеньнем ляжалі ксэракопіі артыкулу акадэміка Вайтовіча з “Народнай волі” і 329 асабістых улётак Леаніда Судаленкі.

Спадар Леанід падзякаваў землякам за подпісы, паінфармаваў, што акруговая камісія не зарэгістравала яго кандыдатам паводле надуманай падставы. “Калі хочаце”, пісаў землякам Леанід Судаленка, “лічыце мяне сваім грамадзкім дэпутатам”. І тут жа падаваў тэлефон і хатні адрас.

Ва ўлётках тлумачылася таксама, чаму нельга галасаваць за трэція тэрміны дзейнага дэпутата Віталя Куліка й прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Міліцыянты сканфіскавалі ўлёткі, склалі пратакол і ў суправаджэньні ДАІ выдалілі Леаніда Судаленку за межы раёну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG