Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кандыдата ў дэпутаты суд папярэдзіў за сустрэчу з выбаршчыкамі


Сяргей Астраўцоў, Горадня Шчучынскі раённы суд пакараў папярэджаньнем кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Аляксандра Мілінкевіча. Суд вырашыў, што ён ня меў права праводзіць сустрэчы з выбаршчыкамі па месцы іх жыхарства – на вуліцы Зялёнай. Пры гэтым суд спаслаўся на тое, што для масавых мерапрыемстваў райвыканкам прызначыў у горадзе чатыры месцы. Аляксандар Мілінкевіч ня лічыць, што агітацыйныя сустрэчы з выбаршчыкамі зьяўляюцца масавымі сходамі, на якія трэба браць дазвол уладаў.

Пакараў спадара Мілінкевіча судзьдзя Розмысла. Прадстаўніком кандыдата ў дэпутаты ў судзе быў Андрэй Кусяльчук:

(Кусяльчук: ) “Нідзе ў сьвеце няма такога, каб кандыдату ў дэпутаты забаранілі сустракацца з выбаршчыкамі. Чалавек ня можа свабодна паразмаўляць з кандыдатам”.

А спадара Мілінкевіча міліцыянты забралі ўчора, перапыніўшы ягоную сустрэчу з выбаршчыкамі. Судзьдзя палічыў, што кандыдат у дэпутаты размаўляў зь людзьмі “ў забароненым месцы”, хаця сустрэча адбылася на звычайнай гарадзкой вуліцы. Яшчэ судзьдзя пастанавіў, што Аляксандар Мілінкевіч парушыў выбарчае заканадаўства, што датычыць рэфэрэндумаў.

(Кусяльчук: ) “Частка 4 артыкула 45 Выбарчага кодэксу гаворыць аб сустрэчах, зьвязаных з рэфэрэндумам. А Мілінкевіч праводзіў сустрэчы, зьвязаныя з выбарам яго як кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і праводзіў агітацыю за сябе”.
XS
SM
MD
LG