Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агітацыйная кампанія й палітычная барацьба падчас парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму: фінішная прамая


Валер Каліноўскі, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”.

Як ідзе спаборніцтва між уладнымі й апазыцыйнымі кандыдатамі, як ідзе агітацыя за і супраць ініцыяванага А.Лукашэнкам рэфэрэндуму? Круглы стол “Свабоды” з удзелам нашых карэспандэнтаў з Магілёва, Горадні, Менску, Віцебску Марыі Ўсьціновіч, Сяргея Астраўцова, Міхала Стэльмака й Браніславы Станкевіч.

(Каліноўскі: ) “Палітычная барацьба пад час кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і агітацыі наконт рэфэрэндуму выйшла ў фінальную стадыю. Бачна, што выбарчая кампанія прыкметна актывізавалася, тым ня меней, выбары застаюцца ў цені рэфэрэндуму, улада і апазыцыя галоўную ўвагу надаюць агітацыі “за” і “супраць” удзелу А.Лукашэнкі ў наступных прэзыдэнцкіх выбарах. На забесьпячэньне патрэбнага А.Лукашэнку выніку кінутыя, відаць, усе сілы і сродкі ўладнай вэртыкалі і дзяржаўных структураў.

Да агітацыі за рэфэрэндум далучыліся нават кіраўнікі абласьцей і гарадоў – напрыклад, старшыня аблвыканкама Магілёўскай вобласьці Барыс Батура. Зараз з намі на сувязі нашая карэспандэнта па Магілёўшчыне Марыя Усьціновіч. Марыя, што гаворыць спадар Батура? Таксама як і А.Лукашэнка – шмат абяцае? І што робіць магілёўская вэртыкаль для выкананьня пастаўленай перад ёй задачы?“

(Усьціновіч: ) “Так, літаральна ў чацьвер на Магілёўшчыне прайшоў так званы адзіны дзень інфармаваньня, і ў ягоных межах кіраўнік “вэртыкалі” вобласьці Барыс Батура ды ягоны намесьнік у справах ідэалёгіі Анатоль Глаз сустракаліся з працоўнымі калектывамі. Усяго ж 150 адказных супрацоўнікаў аблвыканкаму і абласных ведамстваў аб’ядналіся ў 26 групаў і праводзілі сустрэчы. Тэмай былі сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё рэгіёну й пытаньні рэфэрэндуму і выбараў. Распавядалі пра ўсё станоўчае, хаця людзі хацелі таксама пачуць пра кватэрную плату, падтрымку дзяцей, даступныя крэдыты і гэтак далей. Што датычыцца рэфэрэндуму й выбараў, то кіраўніцтва вобласьці заклікала людзей прыйсьці і галасаваць 17 кастрычніка, нічога болей. Аднак прабел запоўніла абласная тэлевізія, якая пасьля рэпартажу аб сустрэчы старшыні аблвыканкаму Барыса Батуры з супрацоўнікамі “Хімвалакно”, паведаміла, што, як высьветлілася, большасьць “хімвалакноўцаў” свой выбар зрабіла, і як пацьверджаньне – два кароткія выступы людзей у падтрымку ўлады Аляксандра Лукашэнкі.

У гарадах, раённых цэнтрах вобласьці зьявілася нарэшце наглядная агітацыя за рэфэрэндум. Каляровыя плякаты й налепкі рознага фармату і зьместу, у Магілёве нават з падсьветкай. Аднак адкрытага абмеркаваньня пытаньняў, вынесеных на рэфэрэндум, улада пазьбягае”.

(Каліноўскі: ) “Марыя, як ідзе агітацыйная кампанія па выбарах парлямэнту на Магілёўшчыне, у якіх умовах працуюць цяпер дэмакратычныя кандыдаты?”

(Усьціновіч: ) “Амаль усе кандыдаты, якіх вылучылі дэмакратычныя партыі альбо якія маюць іх падтрымку, гавораць пра няроўныя ўмовы агітацыі. Паводле Алеся Чыгіра, кандыдата ў Бабруйскай сельскай акрузе, кандыдату ад улады даецца “зялёнае сьвятло”, сустрэчы з выбаршчыкамі добра арганізуюцца, на агітацыю працуе шмат людзей. І гэта датычыцца многіх акругаў. Алесь Чыгір між тым лічыць, што бессэнсоўна скардзіцца на праблемы такога кшталту ў выбарчыя камісіі, бо там заплюшчаць вочы на адміністрацыйны рэсурс, які працуе на кандыдата ад улады, а лепей усё ж скарыстаць час на тое, каб давезьці сваю ўлётку да кожнай фэрмы.

Такая ж пазыцыя ў кандыдата ад АГП у Горацкай выбарчай акрузе Аляксандра Галакціёнава. Напрыклад, ён распавядае: прыяжджаюць кандыдаты ў вёску, а там абвестка для народа пра сустрэчу: мала таго, што кандыдатку ад улады ўжо называюць дэпутаткай, дык яшчэ паведамляюць толькі пра сустрэчу зь ёй, а астатніх прэтэндэнтаў на мандат не ўзгадваюць”.

(Каліноўскі: ) “На Гарадзеншчыне вельмі цікавая сытуацыя ў 61-й Смаргонскай выбарчай акрузе, дзе народную артыстку Зінаіду Бандарэнку зарэгістравалі кандыдаткай пазьней за іншых на два тыдні. Ці ўдаецца ёй кампэнсаваць недахоп часу актыўнасьцю агітацыі? Пытаньне нашаму карэспандэнту ў Гародні Сяргею Астраўцову”.

(Астраўцоў: ) “Зрабіць запіс на тэлебачаньні яна пасьпела, а вось на радыё ёй сказалі, што запісвацца ўжо запозна. Тым ня менш, яна ўдзельнічае ў супольных сустрэчах кандыдатаў з выбаршчыкамі. Усяго ў акрузе балятуюцца чатыры чалавекі, зь якіх трое – прадстаўнікі кааліцыі “Пяцёрка плюс”. На адной сустрэчы Зінаіда Бандарэнка якраз сказала сабраным, што будзе добра, калі яны прагаласуюць за каго-небудзь з гэтых трох кандыдатаў. У сераду ўвечары ў Смаргоні міліцыянты затрымалі падлеткаў, якія распаўсюджвалі агітацыйныя ўлёткі Зінаіды Бандарэнкі. Хлопцаў забралі ў пастарунак, запрасілі бацькоў, праўда, потым адпусьцілі і аддалі ўлёткі. У перадвыбарчым штабе Бандарэнкі спадзяюцца на посьпех, яна вельмі папулярная асоба, таму ёй і перашкаджаюць мясцовыя ўлады”.

(Каліноўскі: ) “Якія магчымасьці апазыцыйных кандыдатаў у дэпутаты Гарадзеншчыны агітаваць галасаваць на рэфэрэндуме “супраць”?”

(Астраўцоў: ) “З-за таго, што апазыцыйныя кандыдаты агітуюць супраць рэфэрэндуму, улады не даюць ім рэалізоўваць законныя правы на агітацыйныя выступы і ўлёткі. На гэтым тыдні Алесь Астроўскі, сябра партыі БНФ, які балятуецца ў 53-й Гарадзенскай Паўночнай акрузе, займеў праблемы з улёткай – менавіта праз рэфэрэндум. На першы варыянт яму ў камісіі не далі згоды, паколькі ён адкрыта выказаўся супраць “пажыцьцёвага прэзыдэнцтва Лукашэнкі”. У другім варыянце таксама абзац прымусілі перарабляць, а ў трэцім – выкінуць два сказы. А ў выніку – ужо пятніца, да выбараў – тыдзень, а ўлётак няма. У 51-й Гарадзенскай Занёманскай акрузе балятуецца кіраўнік гарадзкой арганізацыі партыі БНФ Мікола Воран. Яго выступ, дзе ён гаварыў пра рэфэрэндум, на тэлебачаньні зусім не паставілі ў эфір. Акруговая выбарчая камісія разьбіралася, і яму вось адказалі: калі зьменіце свой тэкст да 10-га кастрычніка, дык выступ пакажуць. Але ён адмовіўся перарабляць”.

(Каліноўскі: ) “У Жодзіна скасавалі рэгістрацыю апазыцыйнага актывіста Аляксандра Валчаніна. Гэта пакуль адзіны такі выпадак у Менскай вобласьці. На пачатку агітацыйнай кампаніі некаторыя экспэрты прагназавалі масавы адсеў на гэтым этапе прадстаўнікоў апазыцыі, каб рэалізаваць, напрыклад, тую ж устаноўку Аляксандра Лукашэнкі пра правядзеньне выбараў у адзін тур. Гэтага пакуль не адбываецца. Чаму? Пра сытуацыю на Меншчыне я прашу распавесьці нашага карэспандэнта ў гэтым рэгіёне Міхала Стэльмака”.

(Стэльмак: ) “На Меншчыне сапраўды зафіксаваны толькі адзін выпадак, калі акруговая камісія анулявала рэгістрацыю дэмакратычнага кандыдата. Але ёсьць выпадкі, калі дэмакраты здаюць кандыдацкія пасьведчаньні па ўласнай ініцыятыве. Адбываецца гэта ў акругах, дзе апазыцыя мае некалькіх прадстаўнікоў. У прыватнасьці, у Дзяржынскай акрузе спыніў удзел у выбарчай кампаніі прадстаўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Пётр Голасаў, а ў Вілейскай – прадстаўнік Партыі БНФ Аляксей Сюдак. Адной з прычынаў гэтай зьявы экс-кандыдаты называюць партнэрскія дамоўленасьці, каб кандыдат-дэмакрат, які застаецца, меў больш шанцаў на перамогу ў выбарчай кампаніі. Падобным чынам дзейнічае ў выбарчай кампаніі і ўлада. Дублёры кандыдатаў ад улады паціху здымаюць свае кандыдатуры, таму ўжо зараз фактычна праясьняецца сытуацыя з галоўнымі прэтэндэнтамі на дэпутацкія пасьведчаньні ў выбарчых акругах”.

(Каліноўскі: ) “Як, Міхал, у тых акругах на Меншчыне, дзе супернічаюць дэмакрат і прадстаўнік улады, праходзіць агітацыйная кампанія? Ці можна казаць пра забесьпячэньне для іх роўных умоваў выбарчага спаборніцтва?”

(Стэльмак: ) “Казаць пра цывілізаваную канкурэнцыю ў Менскай вобласьці паміж прадстаўнікамі ўлады й апазыцыі не даводзіцца. Літаральна ўчора кандыдат ад Партыі БНФ у Жодзінскай выбарчай акрузе Аляксей Лапіцкі накіраваў скаргу ў Цэнтрвыбаркам пра парушэньне выбарчага заканадаўства, зьвязанага з магчымасьцямі агітацыі. Кіраўніцтва Палацу культуры Беларускага аўтазаводу, што ў Жодзіне, дзе спадар Лапіцкі меркаваў сустрэцца з выбарцамі, адмовіла яму ў прадстаўленьні залы. І ў той жа час такая сустрэча з калектывам мясцовым начальствам была арганізавана для кандыдата ад улады спадарыні Ругаль. Прычым, у працоўны час. Кіраўнікі Жодзіна і Смалявіцкага раёнаў цалкам узялі на сябе арганізацыю выбарчай кампаніі спадарыні Ругаль, і ў яе няма тут аніякіх праблемаў з наведаньнем прадпрыемстваў, дзе праходзяць сходы з удзелам кандыдаткі ад улады. Падобным чынам складваецца сытуацыя і ў Барысаўскай, Вілейскай, Пухавіцкай, Нясьвіскай акругах. Улада ўжывае і іншыя прыёмы для забесьпячэньня сваім кандыдатам прывілеяваных выбарчых умоваў.

Напрыклад, у Нясьвіскай акрузе балятуецца прадстаўніца ад АГП Сьвятлана Панамарова. Дык вось, на сходы зь яе ўдзелам мясцовае начальства, мякка кажучы, хадзіць не рэкамэндуе. У вёсках, дзе плянуюцца сустрэчы з дэмакраткай, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў запалохваюць сялян, што калі пабачаць іх на такіх сустрэчах, то дапамогі хай ня чакаюць: маўляў, каня, каб узараць агароды ці прывезьці дроў, ім больш ня дадуць”.

(Каліноўскі: ) “Аляксандар Лукашэнка загадаў вэртыкалі “сакрушальна” перамагчы апазыцыю ва ўсіх 110 акругах ужо ў першым туры галасаваньня. Як у Віцебску “змагаюцца” за такі вынік? Пытаньне нашай віцебскай карэспандэнтцы Браніславе Станкевіч”.

(Станкевіч: ) “Змаганьне відавочнае: у Кастрычніцкім раёне Віцебску зьявіліся адмысловыя ўлёткі пра тое, што 17-га адбудуцца выбары й рэфэрэндум, што прагаласаваць можна датэрмінова й г.д. Пад улёткамі стаіць подпіс “Адміністрацыя Кастрычніцкага раёну”, а самі ўлёткі расклееныя на дамах, слупах, дзьвярох пад’ездаў, сьвежапафарбаваных зэдліках ды г.д. Людзі абураюцца: нядаўна лаялі апазыцыйную моладзь, якая піша на сьценках, а цяпер хуліганствам займаецца сам райвыканкам. Былі тэлефанаваньні нават у міліцыю пры тое, што агітацыя набыла некантралюемы характар.

Учора мне распавялі, што на тэрыторыі выбарчай акругі №18 – гэта ўжо Чыгуначны раён Віцебску – агітацыйныя ўлёткі за дзейнага дэпутата парлямэнту і кандыдата ў дэпутаты Аляксандра Сямашку ужо разносяць паштаркі, і людзі атрымліваюць іх разам з газэтамі”.

(Каліноўскі: ) “Акруговыя камісіі Віцебска скасоўваюць рэгістрацыю незалежных кандыдатаў з-за іх выказваньняў, якія зьяўляюцца часткай палітычнай дыскусіі – як, напрыклад, сталася з Паўлам Севярынцам. Ці такія ж прынцыповыя камісіі і да іншых кандыдатаў – праўладных, у прыватнасьці?”

(Станкевіч: ) “Зусім не, яны не рэагуюць нават на скаргі на дзеяньні праўладных кандыдатаў. Вось прыклад. Я ведаю, што ўжо прынамсі тры скаргі паступілі ў акруговую камісію, а таксама ў ЦВК ды пракуратуру адносна парушэньняў кандыдата ў дэпутаты Глеба Іванова. Гэты “кандыдат ад улады” ёсьць дзейным дэпутатам парлямэнту, і балятуецца ён па віцебскай Кастрычніцкай акрузе №19. Спадар Іваноў праводзіць сустрэчы ў жылых мікрараёнах, а ня ў тых месцах, якія дзеля гэтага выдзеленыя адмыслова. Прычым, карыстаючыся статусам дзейнага дэпутата парлямэнту, ён абяцае людзям вырашыць іхныя праблемы за апошні тыдзень да выбараў – зрабіць тратуары, правесьці сьвятло ў пад’ездах.

Спадар Іваноў распаўсюджвае ўлёткі без выходных дадзеных, дзе агітуе людзей прыходзіць на падобныя сустрэчы. І ўжо ці ня цэлы пачак такіх улётак ляжыць разам са скаргамі ў акруговай камісіі, якая пакуль што ніяк на іх не рэагуе. Калі б такая скарга тычылася дэмакратычнага кандыдата, то адной такой скаргі было б дастаткова, каб яго б зьнялі назаўтра ж. А так – поўнае ігнараваньне”.

(Каліноўскі: ) “Дзякуй Браніславе Станкевіч і іншым рэгіянальным карэспандэнтам Свабоды, якія сочаць за кампаніяй па правядзеньні парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. На наступным тыдні пачынаецца датэрміновае галасаваньне, агітацыя ж спыніцца ў наступную суботу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG