Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БДГ”: “Акт амэрыканскі – пазыцыя беларуская”


Падрыхтавала Любоў Лунёва Агляд незалежнага друку

Газэта “Народная Воля” першую паласу прысьвяціла тэме выбараў. Ёй прысьвечаны і артыкул намесьніка старшыні БНФ Аляксея Януковіча “Вырашальны выбар”, які заклікае грамадзянаў прыйсьці на рэфэрэндум і сказаць – “не”, ды яшчэ некалькі артыкулаў на тэму маючага адбыцца рэфэрэндуму.

У рубрыцы “Гучныя справы” пад загалоўкам “Калі адбудзецца суд над Рыбаковым” аўтар паведамляе, што ў Вярхоўным судзе адмаўляюцца назваць дакладную дату судовага паседжаньня і прозьвішча судзьдзі, які будзе разглядаць крымінальную справу былога старшыні Белтэлерадыёкампаніі.

“НВ” прапануе інтэрвію з народным артыстам Генадзем Гарбуком з нагоды ягонага 70-годзьдзя. А Радзім Гарэцкі друкуе свае ўспаміны пра Васіля Быкава пад загалоўкам “Побач зь Вялікім”.

“Белорусская Деловая Газета” зьмясьціла аналітычны артыкул пад загалоўкам “Акт амэрыканскі: пазыцыя беларуская”. Аўтары робяць выснову, што беларускай уладзе давядзецца альбо рапартаваць аб незвычайных ураджаях і непамерным эканамічным росьце, альбо прыслухацца да думкі міжнароднай супольнасьці.

“Вучыцца ў Беларусі сабе даражэй” пад такім загалоўкам “БДГ” распавядае пра ліст студэнтаў камэрцыйных ВНУ да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай не прымаць дадаткі ў закон аб падаткаабкладаньні. Студэнты спасылаюцца на тое, што плаціць за адукацыю давядзецца значна болей, а яна і так каштуе не танна.

На 8 кастрычніка плянаваўся зьезд навукоўцаў. Але быў званок з адміністрацыі Лукашэнкі прэзыдэнту Акадэміі Навук, і цяпер дату зьезду перанесьлі на 6 сьнежня. Прычыны невядомыя.

Дэпутаты ад апазыцыі Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякін ды іншыя распавядаюць на старонках газэты аб тым, як ім чыняць перашкоды ў сустрэчах з выбаршчыкамі.

А Івацэвіцкая “Газэта для Вас” паведамляе пра тое, што кандыдат у дэпутаты Юры Губарэвіч, сябра БНФ, зьвярнуўся ў пракуратуру, каб прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці старшыню бярозаўскага райвыканкама Ільлю Маляціна. Апошні на сходах казаў, што Губарэвіч нідзе не працуе й жыве на “падачкі” Захаду.

У газэце надрукаваны здымак з подпісам “Дажынкі правялі, а дажаць забыліся” – у сельскагаспадарчым каапэратыве “Гартоль” на плошчы 45 гэктараў яшчэ ня ўбралі жыта.

Івацэвіцкая “Газета для Вас” зьмясьціла ліст ад бацькоў навучэнцаў Зяленаборскай школы. Яны пытаюцца: “Чаму 12-гадовыя дзеці працуюць у полі, а ня вучацца?” Аўтар артыкулу даведаўся, што прыцягваць 12-гадовых дзяцей да сельскагаспадарчых работ, тым больш у часе вучобы – нельга. Артыкул называецца “Нехта ў школе, а нехта ў полі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG