Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У 5 акругах Гомельскай вобласьці выбары будуць безальтэрнатыўнымі


Казімір Яноўскі, Гомель У Гомельскай вобласьці ўладныя структуры імкнуцца стварыць для афіцыйных кандыдатаў “парніковыя” ўмовы агітацыі і абраньня ў парлямэнт. Незалежным кандыдатам чыняцца ўсемагчымыя перашкоды.

Існуе Выбарчы кодэкс, які й рэгулюе пытаньні выбарчай кампаніі. Якім чынам прадстаўнікі ўлады ствараюць “парніковыя” ўмовы дзеля агітацыі і абраньня ў парлямэнт патрэбных сабе людзей?

Найперш нагадаю, што ўладныя структуры стварылі акруговыя выбарчыя камісіі, якімі, як правіла, кіруюць уладныя чыноўнікі. Чыноўнікаў багата і ў складзе камісіяў. Карпаратыўнасьць і спараджае “парніковыя” ўмовы кандыдатам у дэпутаты ад улады.

Хаця б такі факт. Першапачаткова ў 8 акругах з 17-ці зарэгістравана было па адным кандыдаце – ад улады. Выбар бяз выбару. Пасьля скаргаў Цэнтрвыбаркам дадаў па адным канкурэнце ў тры акругі, але ў 5-ці іншых выбары будуць безальтэрнатыўнымі.

Цяпер, калі вядзецца агітацыя, таксама сустракаюцца даволі цікавыя рэчы. У Сьветлагорску, напрыклад, старшыня райсавету й давераная асоба Мікалай Чырва ладзіць у калектывах у рабочы час сустрэчы для афіцыйнай кандыдаткі ў дэпутаты, намесьніцы старшыні райвыканкаму Валянціны Кавалёвай. Робіцца гэта цішком ад іншых прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат. Так было, у прыватнасьці, у раённым вузьле электрасувязі. Прычым, кіраўнік райсавету ня грэбуе часам моцна выказацца на адрас канкурэнтаў.

Напачатку гэтага тыдня, зноў-такі ў рабочы час, сьветлагорскія чыноўнікі спрабавалі арганізаваць сустрэчу кандыдатцы ад улады з калектывам цеплаэлектрастанцыі. Сустрэчу адмянілі пасьля скаргі ў Цэнтрвыбаркам кандыдата ў дэпутаты ад БНФ Раманішкі. І вось апошнія некалькі сустрэчаў з выбарцамі ладзяцца ўжо з усімі прэтэндэнтамі на дэпутацкі мандат.

Праўда, гэта не азначае. што праблемы ў апазыцыйных кандыдатаў скончыліся. Улёткі таго ж кандыдата Раманішкі Рэчыцкая друкарня “Тытул”, па сутнасьці, адмовілася друкаваць. У іх утрымлівалася парада выбарцам сказаць “Не” трэцяму тэрміну Аляксандра Лукашэнкі.

З гэтай жа прычыны друкарня “Тытул” не надрукавала адпаведныя ўлёткі кандыдата ў дэпутата ад БНФ з Рэчыцы Валера Пуціцкага. Сцьвярджаюць, што забарона сыходзіць ад старшыні акруговай камісіі, намесьніка старшыні Рэчыцкага райвыканкама спадара Атаманчука. Распавядае Валер Пуціцкі:

(Пуціцкі: ) “Улады баяцца пачуць іншае слова, а ня тое, якое мы бачым у тэлевізіі, чуем з дня ў дзень па радыё. Яны баяцца слова “не”, баяцца, каб мы сказалі гэта слова чалавеку, спадару Лукашэнку, які зьбіраецца пажыцьцёва кіраваць нашай краінай”.

Наадварот, факты нейкіх цяжкасьцяў у афіцыйных кандыдатаў з вырабам агітацыйных матэрыялаў – невядомыя. Што да сустрэчаў, то для ўладных кандыдатаў гэта не праблема. У абласным цэнтры для некаторых зь іх ладзяцца сустрэчы ў рабочы час нават у дзіцячых шпіталях.

У Лельчыцах на афіцыйныя сустрэчы кандыдата ад улады Сяргея Касьцяна запрашаюць жанчыну паважнага ўзросту, якую жыхары райцэнтру называюць “зажыгалкаю”. Калі хто задае вострае пытаньне кандыдату ад улады ці “вэртыкальнаму” чыноўніку, як, напрыклад, два дні таму ў РДК спадару Касьцяну пра кошт на газ, жанчына-“зажыгалка” адразу дае адлуп цікаўным гараджанам.

Увогуле, цяперашнія выбары надзвычай моцна адрозьніваюцца ад папярэдніх. Раней ўсе кандыдаты бесьперашкодна сустракаліся ў дварах, на прадпрыемствах і проста ў людных месцах, раздавалі ўлёткі. Людзі маглі параўноўваць. Цяпер, асабліва для апазыцыйных кандыдатаў, сустрэчы з выбарцамі ўсялякім абмяжоўваюцца.

Гомельскі гарвыканкам ня даў дазволу на арганізацыю пікетаў у акругах 11 гараджанам, якія зьбіраліся агітаваць супраць трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну і афіцыйных прэтэндэнтаў у парлямэнт ад улады. Што ў такім разе рабіць дэмакратычным кандыдатам? Распавядае Юрый Варонежцаў:

(Варонежцаў: ) “Мы будзем дзейнічаць строга ў адпаведнасьці з законам, які гарантуе нам магчымасьць агітацыі ў любой зручнай форме”.
XS
SM
MD
LG