Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэлеканал ОНТ вырывае з кантэксту сказы з інтэрвію экспэртаў, каб агітаваць за Аляксандра Лукашэнку


Валер Каліноўскі, Менск Псыхоляг Жана Грынюк рыхтуецца абскардзіць у судзе дзеяньні тэлеканалу ОНТ, які вырваў з кантэксту яе выказваньні й выкарыстаў у рэклямным роліку за А.Лукашэнку напярэдадні рэфэрэндуму.

Псыхоляг Жана Грынюк была запрошаная для інтэрвію ў дакумэнтальны фільм Віктара Шавялевіча аб найноўшай гісторыі Беларусі. Аднак пасьля сьмерці рэжысэра зьняты матэрыял патрапіў у чужыя рукі, і канал ОНТ пачаў рабіць зь яго свой агітацыйны фільм і тэлеролікі за Аляксандра Лукашэнку. У адным з ролікаў псыхоляг Грынюк разважае наконт здольнасьцяў А.Лукашэнкі размаўляць з народам. Аднак тэлебачаньне падало толькі станоўчую ацэнку гэтай якасьці Аляксандра Лукашэнкі. Нэгатыўныя вынікі, пра што далей разважала Жана Грынюк, ОНТ не падало зусім:

(Грынюк: ) “Там быў вельмі доўгі працяг, я гаварыла аб тым, што ён узьдзейнічаў на народ і разьдзяліў яго на тых, хто за і хто супраць. Што ён унёс раскол у нацыю, і гэта вялікі недахоп гэтай сілы ягонай улады, ягонай харызмы. Гэта было сказана”.

Спадарыня Грынюк кажа, што на ОНТ так выхапілі з кантэксту некалькі яе сказаў, што гэта выглядае як падтрымка прэзыдэнта. Хаця на самой справе яна зь ім ня згодная. Тое, што атрымалася на ОНТ, Жана Грынюк называе “палітычным згвалтаваньнем”. Акрамя таго, запіс рабіўся да абвяшчэньня рэфэрэндуму, і пасьля гэтай падзеі Жана Грынюк папрасіла ОНТ увогуле скасаваць інтэрвію, але ёй адмовілі. Сёньня, праўда, паабяцалі спыніць выкарыстаньне роліка за Аляксандра Лукашэнку зь яе ўдзелам. Тым ня менш, спадарыня Грынюк вывучае магчымасьці звароту ў суд.

Жана Грынюк кажа, што Аляксандар Лукашэнка зрабіў тэлебачаньне сваім палітычным інструмэнтам, і цяпер па ўсіх беларускіх каналах ідзе прамыўка мазгоў на ягоную карысьць. На думку спадарыні Грынюк, як псыхоляга-прафэсіянала, частку гледачоў гэта раздражняе, але на большасьць такая прапаганда дзейнічае:

(Грынюк: ) “Гэта ненармальна, з майго пункту гледжаньня, але гэта ўплывае на масавую сьвядомасьць. І я думаю, што паўплывае і на працэнт галасоў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG