Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Менску створаны фан-клюб забароненых беларускіх музыкаў


Галіна Абакунчык, Менск У менскай штаб-кватэры Таварыства беларускай мовы адбылося арганізацыйнае паседжаньне фан-клюбу аматараў беларускай музыкі. Новы моладзевы рух створаны ў межах грамадзкай арганізацыі “Беларуская музычная альтэрнатыва” з мэтай папулярызацыі беларускай музыкі й падтрымкі беларускамоўных выканаўцаў. Зьяўленьне новага грамадзкага руху сталася рэакцыяй на перасьлед шэрагу айчынных рок-гуртоў з боку ўладных структураў Беларусі

На першае ж паседжаньне фан-клюбу прыйшлі некалькі дзясяткаў маладых людзей зь ліку студэнтаў і школьнікаў, якія ёсьць прыхільнікамі беларускіх выканаўцаў і незадаволеныя адсутнасьцю сваіх куміраў у тэле- й радыёэфіры. Але арганізатары ўпэўненыя, што колькасьць удзельнікаў руху будзе імкліва расьці, бо прыхільнікаў беларускай музыкі сярод моладзі вельмі шмат. Гаворыць адзін з ініцыятараў сустрэчы Янак Грэскі:

(Грэскі: ) “Вельмі шмат людзей скардзяцца, што мала чуваць, нідзе не відаць беларускіх гуртоў, а музыка цікавая. Вельмі шмат людзей прапануюць сваю дапамогу нам”.

Паводле спадара Грэскага, сярод іншых плянаў клюбу – патрабаваньне радыёэфіру для беларускіх музыкаў праз распаўсюд улётак, збор подпісаў, тэлефанаваньні на FM-станцыі. Як Свабода паведамляла раней, негалосная забарона на выступленьні шэрагу беларускіх гуртоў зьявілася пасьля іхнага ўдзелу ў канцэрце, прысьвечаным 10-годзьдзю прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі.

Вось як пракамэнтаваў стварэньне фан-клюбу адзін з удзельнікаў таго канцэрту, лідэр гурту “NRM” Лявон Вольскі:

(Вольскі: ) “Я ня думаю, што нешта будзе залежаць ад купкі маладых людзей, але прыемна, што нейкі рух усё ж адбываецца. Таму што сапраўды цяпер многія беларускія гурты, нават самыя папулярныя, існуюць у вельмі кепскім становішчы”.

Лявон Вольскі стаў адным з арганізатараў творчай суполкі забароненых гуртоў “Беларуская унія музыкаў”. Паводле лідэра арганізацыі Беларуская музычная альтэрнатыва Віталя Супрановіча, акрамя фан-клюбу ў падтрымку гэтых музыкаў створаны таксама Клюб беларускіх філяфаністаў. Гаворыць Віталь Супрановіч:

(Супрановіч: ) “Нам вельмі прыемна, што аб’ядноўваюцца ня толькі беларускія музыкі, але й фанаты беларускай музыкі і ў гэтым складаным становішчы жадаюць дапамагаць выканаўцам. Натуральна, што гэта ёсьць рэакцыяй на тую сытуацыю, якая склалася так, што цяпер многія гурты знаходзяцца ў дзіўным стане: іх нібыта і не забаранялі, але адначасна яны чамусьці не гучаць на радыё й тэлебачаньні. І таксама гэты фан-клюб, клюб філяфаністаў мусяць паказаць, што існуе досыць людзей, якія жадаюць гэткую музыку слухаць”.

Паводле спадара Супрановіча, клюб філяфаністаў зоймецца распаўсюдам беларускай музычнай прадукцыі й арганізацыяй сустрэчаў фанаў з выканаўцамі. Найхутчэй госьцем гэтага клюбу стане лідэр “Нэйра-Дзюбеля” Аляксандар Кулінковіч.
XS
SM
MD
LG