Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перашкоды ў агітацыйнай кампаніі робяцца з дапамогай АМОНу


Любоў Лунёва, Менск Супрацоўнікі міліцыі затрымалі актывістаў выбарчых штабоў кандыдатаў у дэпутаты Зінаіды Бандарэнкі ў Смаргоні й Юрыя Хадыкі ў Менску. Затрыманых абвінавацілі ў парушэньні грамадзкага парадку й склалі пратаколы паводле розных артыкулаў Адміністрацыйнага кодэксу.

Да 10-й гадзіны вечара Зінаіда Бандарэнка заставалася ў Смаргонскім аддзеле міліцыі разам з чатырма сваімі памочнікамі. Хлопцаў затрымалі, калі яны раскідвалі выбарчыя ўлёткі ў паштовыя скрыні. Міліцыянты патлумачылі, што ўлёткі вырабленыя нібыта не ў друкарні, што супярэчыць выбарчаму заканадаўству. Увесь наклад пакінулі ў міліцыі, а на затрыманых склалі пратаколы. Зінаіда Бандарэнка прад’явіла кіраўніку міліцыі ліцэнзію, але ён яе праігнараваў.

(Бандарэнка: ) “Я паказваю ліцэнзію, а маёр міліцыі нават і не паглядзеў. Казаў, што яго гэта не цікавіць. Казаў, што патэлефануе ў Менск, і вось цяпер увесь стос ляжыць у міліцыі”.

Дзьве гадзіны правялі ў дзяжурнай частцы міліцыі трое ўдзельнікаў дазволенага агітацыйнага пікету Юрыя Хадыкі. Ларысу Ляпарскую абвінавацілі ў распаўсюдзе друкаванай прадукцыі без выходных зьвестак за налепку на рукаве “Скажы – не”. Яшчэ двух удзельнікаў пікету абвінавацілі ў тым, што яны трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі.

Паказальныя затрыманьні ўдзельнікаў агітацыйных пікетаў і прадстаўнікоў выбарчых штабоў у часе распаўсюду агітацыйных матэрыялаў, на думку саміх кандыдатаў у дэпутаты ад апазыцыі, ёсьць адным са спосабаў запалохваньня грамадзкасьці. Але гэта не адзіныя перашкоды, якія робяць улады.

Зінаіду Бандарэнку пазбавілі права сустрэчы з выбаршчыкамі, якая мусіла адбыцца ў будынку школы №6 у Смаргоні:

(Бандарэнка: ) “Аднаму з маіх памочнікаў удалося пачуць, як было сказана: “Так, памяшканьне даваць, а людзей не пускаць”. Мы прыйшлі ў школу, а ў залі ніводнага чалавека. Пачырванелая намесьніца дырэктара ледзь не са сьлязьмі на вачах казала: “Прабачце, калі ласка, а людзей мала”. Яна нават не рызыкнула сказаць, што людзей нікога няма. Мы ёй сказалі: “Дзякуй вам, што так падрыхтаваліся да сустрэчы з намі”. І нам прыйшлося пайсьці”.

Зінаіда Бандарэнка паведаміла, што зусім іншая сытуацыя ў выпадках, калі ідзе гаворка пра кандыдатаў ад улады:

(Бандарэнка: ) “Калі ідуць усе чатыры кандыдаты, як гэта сёньня будзе ў Крэве, то ўсё будзе ў парадку. Там будзе ўсё арганізавана. Там пытаньні задаюць адмысловыя. Але ж і да нас, якія ідуць ад апазыцыі, падрыхтавалі пытаньні каверзныя й падступныя”.

Юры Хадыка лічыць, што напады на пікеты і затрыманьні міліцыянты праводзяць на адмысловы загад.

(Хадыка: ) “Усё сьведчыць пра гэта. Ёсьць адмысловы загад: як мага больш чыніць перашкодаў у агітацыі, якую праводзяць апазыцыйныя кандыдаты. Пра гэта сьведчыць і той факт, што была затрымана рэгістрацыя. Гэта толькі дзеля таго, каб забраць тыдзень. Потым доўгі час друкуюцца матэрыялы ў тых структурах, якія не перасьледуюцца міліцыяй”.

Юры Хадыка заявіў, што перашкоды ў агітацыйнай кампаніі апазыцыйных кандыдатаў міліцыянты робяць з грубымі парушэньнямі заканадаўства.

(Хадыка: ) “Якія дзікія падставы! Яны сьведчаць пра няведаньне міліцыяй асноўных законаў. Прыкладам, затрыманьне Ларысы Ляпарскай. Яна трымала ў руцэ жоўтую налепку “Скажы Лукашэнку – не”. І якая нагода для складаньня пратаколу? А налепкі ня маюць выходных зьвестак. Гэта наагул абсурд. Налепкі – гэта плякат, карыкатура, мастацкая гравюра. Яны звычайна ня маюць выходных зьвестак. Абсалютнае бяспраўе. Прад’яўляюць абвінавачаньне, што стаялі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі й крычалі лёзунгі супраць Аляксандра Лукашэнкі. Па-першае, гэта людзі сталага ўзросту, і яны ніколі не крычаць на вуліцы. Па-другое, а чаму можна крычаць “за” і нельга – “супраць”?”

На думку Юрыя Хадыкі, асноўнай мэтай затрыманьняў ёсьць запалохваньне грамадзкасьці.
XS
SM
MD
LG