Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” зацьверджаны Сэнатам ЗША


RFE/RL “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” аднагалосна зацьверджаны Сэнатам ЗША й будзе перададзены на подпіс прэзыдэнту Злучаных Штатаў. Нашыя карэспандэнты зьвязаліся з прэсавай службай Сэнату.

Нагадаем, што ўвечары ў панядзелак, 4 кастрычніка, “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” быў адзінагалосна прыняты Палатай прадстаўнікоў ЗША. І вось жа цяпер гэта зрабіў Сэнат.

Супрацоўніца прэсавай службы Сэнату ЗША Шэнан Фіні сказала беларускай службе Радыё Свабода пра “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”:

(Фіні: ) “Ён быў прыняты Сэнатам без паправак аднагалосна. Гэта значыць, што не было пайменнага галасаваньня – ён быў прыняты згодай. Не было ніякай дыскусіі. Калі ён праходзіць згодай, значыць, увесь Сэнат зь ім пагаджаецца”.

Супрацоўніца прэсавай службы Сэнату ЗША Шэнан Фіні таксама паведаміла, што акт быў прыняты ў сераду, 6 кастрычніка, у 19:55 паводле Вашынгтонскага часу (гэта азначае, у чацьвер, а 3-й гадзіне ночы паводле менскага часу).

***

Акт аб дэмакратыі закліканы спрыяць дэмакратычнаму разьвіцьцю, правам чалавека і вяршынству закону ў Беларусі, а таксама падтрымліваць зацьвярджэньне і ўмацаваньне незалежнасьці краіны.

Закон прадугледжвае выдаткаваньне неабходнай дапамогі для недзяржаўных арганізацыяў, незалежных мэдыяў, уключаючы радыё і тэлевізійнае вяшчаньне на Беларусь, а таксама пашырэньне міжнародных абменаў.

Паводле закону, фінансавы памер гэтай дапамогі павінен вызначыць прэзыдэнт ЗША на 2005 і 2006 фінансавыя гады.

Акт аб дэмакратыі таксама падтрымлівае правядзеньне свабодных і незалежных выбараў, увод санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі. Паводле Акту, павінна быць складзеная справаздача аб пастаўках і продажы Беларусьсю зброі альбо ваеннай тэхналёгіі краінам-ізгоям, а таксама справаздача аб пэрсанальных актывах і капіталах Аляксандра Лукашэнкі ды іншых беларускіх кіраўнікоў.

Санкцыі будуць ужывацца ў дачыненьні да Беларусі, пакуль прэзыдэнт ЗША ня вырашыць і не засьведчыць перад адпаведнымі камітэтамі Кангрэсу, што ўлады Беларусі сапраўды зрабілі значны прагрэс ў выкананьні шэрагу ўмоваў. Сярод іх – вызваленьне асобаў, якія былі зьняволеныя на падставе іх палітычных перакананьняў, адкліканьне палітычна матываваных судовых абвінавачаньняў супраць усіх дзеячоў апазыцыі ў Беларусі, прадстаўленьне поўнай справаздачы аб зьнікненьнях лідэраў апазыцыі й журналістаў, улучна зь Віктарам Ганчаром, Анатолем Красоўскім, Юрыем Захаранкам і Зьмітром Завадзкім, і пакараньне ўсіх адказных за гэтыя зьнікненьні, спыненьне ўсіх формаў перасьледу і рэпрэсіяў супраць незалежных сродкаў масавай інфармацыі, няўрадавых арганізацыяў і палітычнай апазыцыі ў Беларусі, а таксама правядзеньне свабодных і справядлівых прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў у Беларусі ў адпаведнасьці з стандартамі АБСЭ у справе дэмакратычных выбараў і ў супрацоўніцтве з адпаведнымі ўстановамі АБСЭ.

Калі гэтыя ўмовы ня будуць выкананыя, то ў дачыненьні да Беларусі Кангрэс прапануе ўжыць наступныя санкцыі: па-першае “пазыкі, крэдытныя гарантыі, страхоўкі, фінансаваньне або іншыя віды фінансавай дапамогі ня могуць быць выдзеленыя ўраду Беларусі ніякім урадавым агенцтвам Злучаных Штатаў... за выключэньнем выпадкаў, зьвязаных з дастаўкай гуманітарных тавараў і сельскагаспадарчых або мэдычных прадуктаў”. Па-другое, “ніякія сродкі, якія мае ў наяўнасьці Агенцтва гандлю і разьвіцьця, ня могуць быць прызначаныя на дзейнасьць Агенцтва ў Беларусі або для Беларусі”. Ня менш важна, што паводле Акту, цягам 90 дзён пасьля ўвядзеньня закону ў сілу прэзыдэнт ЗША павінен перадаць адпаведным камісіям Кангрэсу справаздачу аб пастаўках і продажы Беларусьсю зброі альбо ваеннай тэхналёгіі краінам-ізгоям, а таксама справаздача аб пэрсанальных актывах і матэрыяльных каштоўнасьцях Аляксандра Лукашэнкі ды іншых беларускіх кіраўнікоў.

***

Прыняцьце Сэнатам ЗША “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі” камэнтуюць беларускія палітыкі і дзеячы:

• Івонка Сурвіла: “Варыянт дэмакратызацыі з дапамогай Масквы – адрынуты” • Сяргей Калякін: “У ЗША будуць прынятыя адчувальныя меры, таму і была гістэрыка з боку Лукашэнкі” • Анатоль Лябедзька: “Гэта на карысьць дэмакратыі і на карысьць Беларусі” • Аляксей Кароль: Беларускія ўлады прадэманстравалі, што баяцца гэтага закону • Вольга Абрамава: “Санкцыі толькі памнажаюць і ўзмацняюць антызаходнія настроі” • Шушкевіч: “Калі Акт увойдзе ў дзеяньне і будуць абнародаваныя рахункі кіраўнікоў і Лукашэнкі, ім прыйдзецца вельмі несалодка”

Гл. таксама • Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША адзінагалосна прыняла “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” • Што ўтрымлівае “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”? • Роджэр Патоцкі: “Кангрэс прыняў закон, фокусам якога ёсьць толькі Беларусь, не ў кантэксьце іншых краін, а менавіта як асобная краіна” • Апошняй кропляй для амэрыканцаў сталася справаздача пра ўдзел Беларусі ў адмываньні грошай рэжыму Хусэйна Радэк Сікорскі: “Значэньне Акту – экстраардынарнае” Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША цалкам падтрымлівае “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG