Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жодзінскі кандыдат у дэпутаты Аляксандар Валчанін пацярпеў з-за “Выпадковага прэзыдэнта”


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць У Жодзіне 6 кастрычніка акруговай камісіяй быў зьняты з рэгістрацыі кандыдат у дэпутаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Валчанін. Прычынай пакараньня стаў распаўсюд кнігі Паўла Шарамета і Сьвятланы Калінкінай “Выпадковы прэзыдэнт”.

Паводле сакратаркі акруговай камісіі №81 Тацяны Краўцэвіч, Аляксандар Валчанін пацярпеў праз сваю давераную асобу:

(Краўцэвіч: ) “Давераная асоба Валчаніна Нікалаеў распаўсюджваў недазволеную друкаваную прадукцыю – кніжкі ў Смалявічах”.

(Карэспандэнт: ) “Выбарчае заканадаўства забараняе распаўсюд такіх кніг?”

(Краўцэвіч: ) “Так, 47-ы артыкул. Ён распаўсюджваў бясплатна “Выпадковага прэзыдэнта”. Гэта забароненая кніга”.

Аляксандар Валчанін лічыць вынесенае яму пакараньне неабгрунтаваным. Вось што ён паведаміў на гэты конт:

(Валчанін: ) “Мая давераная асоба сустрэлася з Шараметам, і ён даў яму кнігі. А гэтыя кнігі папрасіў у яго пачытаць кіраўнік справаў Смалявіцкага райвыканкаму Прыходзька. А пры чым тут я? Я не раздаваў, і гэтая кніга ўжо паўтара гады ходзіць па Жодзіне. І камісія разгледзела ўсё за дзьве хвіліны. І, як у 1937 годзе – нават слова не далі”.
XS
SM
MD
LG