Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка лічыць, што патрабаваньні “вялікага чалавека Ф.Дзяржынскага” актуальныя для ўсіх дзяржаўных службоўцаў


Юры Сьвірко, Менск Адкрываючы комплекс “Дзяржынава” на радзіме заснавальніка савецкай ВЧК, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што аднаўленьне гэтага мэмарыялу будзе працягнутае.

У той час як Курапаты ўсё яшчэ чакаюць абяцанага дзяржавай помніка ахвярам савецкіх рэпрэсіяў, Аляксандар Лукашэнка адкрыў першую чаргу мэмарыяльнага комплексу “Дзяржынава”, які, на яго думку, мае важнае патрыятычнае значэньне. А менавіта: на малой радзіме заснавальніка савецкіх карных органаў Фэлікса Дзяржынскага дагэтуль ладзяцца ўрачыстыя цырымоніі ўручэньня пасьведчаньняў і асабістай зброі маладым афіцэрам КГБ. Сёлета там наноў пабудавалі дом, дзе нарадзіўся заснавальнік ВЧК – Усерасейскай надзвычайнай камісіі, якая потым стала ОГПУ, НКВД і КГБ. Расейская ФСБ перадала КГБ копіі некалькіх фота й дакумэнтаў, у тым ліку – пасьведчаньня старшыні ВЧК на імя Дзяржынскага ад сакавіка 1918 году ды ўльтыматуму анархістам.

Спадар Лукашэнка заявіў, што патрабаваньні “жалезнага Фэлікса” да супрацоўнікаў спэцслужбаў дагэтуль актуальныя: “крыштальная чэснасьць, высокі прафэсіяналізм і бескарысьлівая адданасьць інтарэсам агульнай справы”. Аднак Аляксандар Лукашэнка заўважыў, што гэтых прынцыпаў павінны трымацца ня толькі чэкісты, але і ўсе дзяржаўныя службоўцы любой краіны.

Зьвяртаючыся да кіраўнікоў спэцслужбаў краінаў СНД, якія прыехалі ў Беларусь на чарговую нараду, спадар Лукашэнка заявіў, што “выразна прасочваюцца паралелі паміж агульным мінулым спэцслужбаў ды іх шчыльным супрацоўніцтвам цяпер – і, я спадзяюся, у будучыні”. Паводле яго, закладзеныя Фэліксам Дзяржынскім мэты й прынцыпы – гэта “добры фундамэнт для ўмацаваньня ўзаемадзеяньня нашых спэцслужбаў, а што мы пабудуем на гэтым фундамэнце і як гэта будзе працаваць – залежыць толькі ад нас”.

Аляксандар Лукашэнка таксама сказаў кіраўнікам органаў бясьпекі СНД, што яны цяпер перажываюць вельмі цяжкі пэрыяд гісторыі, бо знаходзяцца на пярэднім краі барацьбы з тэрарызмам. “Гінуць вашы таварышы, але вы робіце ўсё, каб выстаяць і перамагчы”, заявіў ён.

Паводле спадара Лукашэнкі, “вялікі чалавек” Дзяржынскі прысьвяціў усё сваё жыцьцё будаўніцтву мірнага й спакойнага жыцьця вялікай магутнай краіны, і “гэтая задача цалкам захоўвае сваю актуальнасьць для дзяржаў СНД і цяпер”.

Аляксандар Лукашэнка сёньня нагадаў, што бюст Дзяржынскага па-ранейшаму знаходзіцца ў цэнтры беларускай сталіцы, якая мае таксама праспэкт Дзяржынскага, а на Меншчыне ёсьць раённы цэнтар Дзяржынск.

Варта дадаць, што напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году кандыдатам было прапанавана назваць людзей, на якіх яны хацелі быць падобнымі. Зянон Пазьняк назваў генэрала дэ Голя, Станіслаў Шушкевіч пахваліў Маргарэт Тэтчэр, Вячаслаў Кебіч прызнаў сябе спадкаемцам Пятра Машэрава, а вось Лукашэнка выбраў адразу траіх: Дзяржынскага, Андропава і Машэрава.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG