Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўныя агітацыйныя ўлёткі заклікаюць ня проста прыйсьці на рэфэрэндум, а прагаласаваць “за”


Ігар Карней, Менск Якімі лёзунгамі дзяржава заклікае электарат узяць удзел у выбарах і рэфэрэндуме? Па цэнтральных вуліцах Менску сёньня прайшоў наш карэспандэнт.

У цэнтры Менску багата інфармацыйнай агітацыі да 17 кастрычніка. Над цэнтральнымі праспэктамі вісяць расьцяжкі такога зьместу: “17 кастрычніка 2004 году адбудуцца рэспубліканскі рэфэрэндум і выбары дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь”. На 90% усё напісана па-расейску, але трапляюцца невялікія плякаты і па-беларуску. Зрэшты, сэнс заклікаў ад мовы не зьмяняецца.

Самы вялізны агітацыйны плякат разьмешчаны на Кастрычніцкай плошчы сталіцы: плякат усталяваны якраз над часовай прыбіральняй, якая тут зьявілася ў зьвязку з масавымі мерапрыемствамі.

Адметнай рысай растыражаваных з дазволу Цэнтрвыбаркаму ўлётак ёсьць тое, што на розных па форме, але аднолькавых паводле сутнасьці плякатах пазначаны выключна той варыянт волевыяўленьня электарату, які ёсьць “правільным” з гледзішча ўладаў і Цэнтрвыбаркаму: птушачка, якая адзначае варыянт выбару, пастаўленая ў квадраце “за”.

Ці ня ёсьць падобныя “падказкі” мэтадам уціску на выбарцаў? І хто ўвогуле рэглямэнтуе наглядную агітацыю? Гэтым я пацікавіўся ў сакратара Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалая Лазавіка:

(Лазавік: ) “Разьмяшчэньне агітацыйных плякатаў рэглямэнтуюць мясцовыя адміністрацыі, а ня Цэнтрвыбаркам”.

(Карэспандэнт: ) “Я толькі што прайшоў па цэнтры Менску і пабачыў шмат улётак, якія тычацца рэфэрэндуму. На ўсіх паказана, як правільна галасаваць – “за”.

(Лазавік: ) “Ня бачу, у чым тут можа быць парушэньне”.

(Карэспандэнт: ) “Людзям папросту навязваюць, як галасаваць”.

(Лазавік: ) “Ну, дык на тое яна і агітацыя. “Скажы рэфэрэндуму “не” ці Лукашэнку” – такія ўлёткі таксама тысячамі ходзяць”.

(Карэспандэнт: ) “На вашу думку – парытэт ёсьць?”

(Лазавік: ) “Я не аналізаваў: як што з аднаго боку агітацыя ідзе, зь іншага… Але тое, што агітацыя актыўная – гэта адназначна”.

Вось некаторыя прыклады агітацыі за рэфэрэндум і выбары. На ўваходных дзьвярах крамы “Кадр” такі плякат: “Твой голос нужен Беларуси! –“за”. Побач яшчэ адзін: “Доверие, стабильность, референдум”. Паўсюдна плякаты, зь якіх раней рэклямавалі мабільныя тэлефоны ды турыстычныя паслугі, пераабсталяваныя пад ілюстраваныя заклікі “За Беларусь!” І ўжо невялікімі літарамі ўнізе: “Усе на выбары і рэфэрэндум!”. Улётка з інструкцыяй, як правільна галасаваць, ёсьць нават на шыбе зачыненай рэстарацыі “Печкі-лавачкі”. Тут жа зноў плякат “За Беларусь”: на ім два камбайнэры трымаюць снапы жыта. Праз колькі крокаў – чарговы плякат “Беларусь – референдум. Сохраним вместе”. Што канкрэтна захаваем – не паведамляецца.

І практычна ў кожным раёне зьмешчаныя адмысловыя заклікі райвыканкамаў. У цэнтры на выбары заклікаюць улады Ленінскага раёну: “Галоўнае – вызначыцца ў сваім выбары. Будучыня нашага гораду і рэспублікі залежыць ад новага складу парлямэнту й вынікаў рэфэрэндуму”.
XS
SM
MD
LG