Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Шчучыне судзілі кандыдата ў дэпутаты


Сяргей Астраўцоў, Гарадзенская вобласьць Кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Аляксандра Мілінкевіча абвінавачваюць у правядзеньні несанкцыянаванага сходу. 7 кастрычніка ў другой палове дня ў Шчучыне адбыўся суд над ім – прысуд будзе вядомы нараніцу. Спадар Мілінкевіч балятуецца ў 62-й Шчучынскай акрузе. 6 кастрычніка ў Шчучыне падчас сустрэчы з выбаршчыкамі яго затрымалі міліцыянты. Кандыдата ў дэпутаты даставілі ў райаддзел міліцыі і склалі пратакол – нібыта за парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

У Шчучыне сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча з выбаршчыкамі здымаў на камэру намесьнік начальніка міліцыі Генрых Зубель, не рэагуючы на пратэсты прысутных. Ён сказаў, што перадасьць відэаздымкі ў выбарчую камісію. Паўсюль за спадаром Мілінкевічам назіралі.

(Мілінкевіч: ) “І калі мы па вёсках езьдзілі, і калі па горадзе хадзілі – заўсёды пад’яжджала міліцэйская машына. Час ад часу яны з намі размаўлялі, а бывала, што толькі сачылі. Увесь час міліцыя прысутнічала на гэтых сустрэчах”.

Спадар Мілінкевіч зазначае, што ў заканадаўстве не ўказаная колькасьць людзей, якая лічыцца сходам, на які трэба браць дазвол. У большасьці вёсак у Шчучынскім раёне ўвогуле забаронена сустракацца з выбаршчыкамі, дазволена – толькі ў цэнтрах сельсаветаў. Так вырашыў райвыканкам. Мілінкевічу, напрыклад, не далі сустрэцца зь мясцовымі літоўцамі ў вёсцы Пеляса.

(Мілінкевіч: ) “Кожны раз я пад пагрозай, што мне скажуць, што гэта несанкцыянаваны сход. У хату зайду з бабуляй пагавару – гэта яшчэ ня сход. Як толькі на падворку сабраліся карова, я, бабка і дзедка – то ўжо, відаць, сход”.
XS
SM
MD
LG