Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Камянцы затрыманыя 12 чалавек з групы падтрымкі кандыдата ў дэпутаты Анатоля Ляўковіча


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць Актывістаў выбарчай кампаніі кіраўніка берасьцейскай арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) некалькі гадзінаў пратрымалі ў міліцэйскім пастарунку, дзе спрабавалі давесьці, што яны ня маюць права займацца агітацыяй.

У Камянец актывісты ініцыятыўнай групы Анатоля Ляўковіча, які вылучаецца кандыдатам у дэпутаты ў Белавескай выбарчай акрузе №7, прыехалі, каб распаўсюдзіць афіцыйныя агітацыйныя матэрыялы пра свайго кандыдата. Аднак мясцовыя міліцыянты спынілі гэтыя дзеяньні, спаслаўшыся на загад свайго начальніка Васіля Якімука.

Затрыманых валянцёраў адвезьлі ў пастарунак, дзе прымусілі пісаць тлумачальныя запіскі. Паводле словаў міліцыянтаў, валянцёры ня маюць права агітаваць за спадара Ляўковіча, бо ня ўсе зь іх ёсьць даверанымі асобамі гэтага кандыдата.

Анатоль Ляўковіч зьдзіўлены, што гэтай жа думкі, якая супярэчыць Выбарчаму кодэксу, прытрымліваецца і старшыня акруговай камісіі Віктар Грыцук.

(Ляўковіч: ) “Для мяне сёньня ўвогуле сытуацыя цікавая: сам старшыня акруговай камісіі не дае магчымасьці весьці кампанію. Самае дзіўнае, што гэтая камісія не арганізавала ніводнай сустрэчы з электаратам, не працуе на прапаганду і агітацыю”.

Анатоль Ляўковіч таксама паведаміў, што зь дзьвюх соцень ягоных плякатаў у Камянцы засталося менш за дзесятак (астатнія былі сарваныя), аднак ніякіх тлумачэньняў на гэты конт ён не атрымаў ні ў акруговай камісіі, ні ў міліцыянтаў.

У пастарунку актывістаў ініцыятыўнай групы спадара Ляўковіча пратрымалі прыблізна тры гадзіны і адпусьцілі толькі пасьля ўмяшальніцтва кіраўніцтва абласнога ўпраўленьня ўнутраных справаў.
XS
SM
MD
LG