Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі ня зробіце вынікі выбараў такімі, як мы хочам, у панядзелак на працу можаце не выходзіць”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 6 кастрычніка. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “З экрана тэлевізараў разгарнулася хлусьлівая прапаганда посьпехаў у эканоміцы, павышэньня жыцьцёвага ўзроўню насельніцтва Беларусі. І ўсё гэта прыпісваецца Лукашэнку. Канешне ж, гэта ўсё прызначана да рэфэрэндуму. На экраны тэлевізараў кінулі лічбу семдзесят два – 72% насельніцтва падтрымлівае Лукашэнку. Тады пытаньне: чаму ж няма ў краіне грамадзянскай супольнасьці? Нешта ня вяжацца ў гэтых прапагандыстаў. Усяго добрага”.

(Сяргей Якаўлевіч, працоўны зь Віцебску: ) “Я хачу сказаць, што канстытуцыйнае абмежаваньне ў два тэрміны для прэзыдэнта краіны зьяўляецца незалежным ад чалавечага фактару, засьцерагальнікам ад адраджэньня ў нашай краіне культу асобы кіраўніка дзяржавы. Папраўка да Канстытуцыі, якую прапаноўвае Лукашэнка, здымае апошнія перашкоды для стварэньня культу Лукашэнкі. Яна вядзе да адраджэньня і стварэньня ў нашай краіне новай брэжнеўшчыны, хрушчоўшчыны, нарэшце, сталіншчыны. Толькі ва ўмовах культу асобы дзейны кіраўнік дзяржавы можа, канешне, перамагаць на любых выбарах”.

(доктар тэхнічных навук, Міхаіл Лекаў, Рыга: ) (1): “Добры вечар. Я тэлефаную з мэтай адказаць на пастаўленае пытаньне, чаму Манака прынялі, а Беларусь не прымаюць у Раду Эўропы. Адна з прычынаў складаецца ў тым, што эўрапейскія арганізацыі прымяняюць да Беларусі падвойны стандарт. Ня будзем галаслоўнымі: у Эўразьвяз прынялі крымінальную дзяржаву апартэіду, якая называецца Латвійскай Рэспублікай. Там жа таксама зьнікаюць людзі. Летась зьнікала каля 400 чалавек, і ніхто не прад’яўляе прэтэнзій, усё нармальна! Паехалі далей: у Латвіі чвэрць насельніцтва пазбаўлена многіх эканамічных, сацыяльных ды іншых правоў – пра палітычныя правы ня варта і казаць, іх няма. Усё ў парадку – Латвіі таксама ніхто не прад’яўляе якіх-колечы прэтэнзій. На тое ёсьць шмат прычынаў – добра наладжаная дэзінфармацыя, і гэтак далей, і гэтак далей. Вось і прашу, паведамце, што да Беларусі прымяняецца падвойны стандарт. Хачу сказаць, што я ўжо пра гэта гаварыў, але да гэтай пары вы не перадалі, хоць перадаеце другі тыдзень адны й тыя ж няўцямныя ацэнкі”.

(доктар тэхнічных навук, Міхаіл Лекаў, Рыга: ) (2): Добры вечар. Я раблю другі званок сёньня. Я праслухаў сёньня дужа цікавую перадачу, у якой ўдзельнічалі спадар Дракахруст, палітолягі Фядута і Ўладзімір Падгол. Пытаньне тычылася прагнозных ацэнак вынікаў рэфэрэндуму. Прыводзіліся зьвесткі расейскіх спэцыялістаў, а таксама амэрыканскага філіяла, што знаходзіцца ў Вільні. Было сказана, што прагнозы паказваюць павелічэньне верагоднасьці галасаваньня за прэзыдэнта. Я неаднаразова вам тэлефанаваў і тлумачыў, чаму пераважнай колькасьцю галасоў прэзыдэнт Лукашэнка атрымае дазвол на перавыбраньне – чамусьці гэта вы замоўчваеце, гэтыя істотныя абставіны. Пра гэта таксама не гаворыць і друк апазыцыйны, і апазыцыйныя дзеячы. А сутнасьць у тым, што сацыяльна-эканамічнае становішча Беларусі істотна лепшае за становішча ў суседніх краінах. Размова ідзе пра асноўную масу насельніцтва, інакш кажучы, няма такой стратыфікацыі, людзі адчуваюць сябе сацыяльна абароненымі. Бясплатная адукацыя, бясплатная мэдыцына – хаця можна сказаць, што гэта ўсё мае недахопы і г.д., і г.д. Большасьць жыхароў Беларусі жывуць лепей, чым большасьць жыхароў Расеі, Латвіі ды іншых постсавецкіх краін. Таму прэзыдэнт і будзе перавыбраны. Больш за тое, у Беларусь сёньня болей уяжджае, чым выяжджае, чым у так званую дэмакратычную зону, Латвію”.

(доктар тэхнічных навук, Міхаіл Лекаў, Рыга: ) (3) “Тэлефаную яшчэ раз, у працяг папярэдняй сваёй размовы. Я хачу зьвярнуць увагу дырэктара беларускай “Свабоды” і ўсёй рэдакцыі беларускай “Свабоды” на тое, што вы ў сваіх перадачах чамусьці пазьбягаеце аб’ектыўнага, даказальнага рэальнымі лічбамі сацыяльна-эканамічнага параўнаньня Беларусі й суседніх краін. Зразумейце, дзеля Бога, чалавеку, перад тым як займацца высокай палітыкай, трэба паесьці, трэба мець дзе жыць, неабходна не баяцца, што яго дзеці будуць выкрадзены, не баяцца, што ён сам ня будзе забіты, калі пешкі пасьля тэатра пойдзе дахаты. Гэтыя параўнаньні ўсе – на карысьць Беларусі, у параўнаньне з суседнімі краінамі. Хіба вы ня ведаеце, што ў Рызе, Маскве ды іншых краінах паведамленьні пра тое, што здараецца – гэта як зводкі з фронту? У Беларусі такое таксама бывае, але, на жаль, гэтага няма ў такіх маштабах – я маю на ўвазе, пры ацэнцы на 100 тысяч насельніцтва. Вось гэтым рэчам, гэтым пытаньням трэба таксама надаваць увагу, больш увагі. Тады, спадарства, вы апусьціцеся на рэальную зямлю і будзеце рэальна бачыць, за што беларускі народ будзе галасаваць. Усяго добрага”.

(Спадар: ) “Учора ехаў у аўтобусе і пачуў такую цікавую размову. Адна жанчына кажа другой, што была на нарадзе ў райсавеце, наконт выбараў, і сказалі там наступнае: “Калі ня зробіце вынікі выбараў такімі, як мы хочам, у панядзелак на працу можаце не выходзіць”. З гэтага, як я думаю, можна зрабіць выснову, што ў Пінску 5-га кастрычніка ужо вядомыя вынікі выбараў, і сапраўды – ці варта туды ісьці?”

(Спадар: ) “Добрай раніцы. Наконт вашага пытаньня пра ўваход Беларусі ў нейкія там эўрапейскія супольнасьці – пакуль будзе Лукашэнка, ніхто нас ня прыме. Гэта відавочна, і я магу сказаць, чаму, проста часу няма. У чым усё гэта – зразумела, таму што такой дзікасьці, якая творыцца ў нас, ніхто нідзе ня бачыў. Цяпер наконт клаўнады, што правёў ён чарговае паседжаньне, вось цяпер як ён па радыё сьпявае: “Кроў з носу, я вам дам хутка 500 даляраў, будзеце зарабляць”. Ну бачыце, ну – “манілаўшчына”, усё гэта дурноцьце, усё гэта перад рэфэрэндумам. Ну вось там ідзе паведамленьне нейкага гаваруна зь Міністэрства працы пра тое, які заробак будзе да канца году, а галоўнае, робяць націск на наступны год – гэты год неістотны, галоўнае, што наперадзе. Пляваць, што нічога няма сёньня. А якая пэнсія будзе, вы уяўляеце, не? Якая пэнсія будзе – 160, гэта што – у сярэднім? Так, кажуць, у сярэднім, а пераважная большасьць атрымоўвае пэнсію 120, 130, 140 [тысяч] рублёў. На 9% мы павысім першага лістапада, а што такое 9%? – гэта не павышэньне. Я ў Міністэрстве працы размаўляў зь імі, яны з-за глупства – з-за таго, што ён прымушае іх выкручвацца – хлусяць, выварочваюцца. Я кажу, яшчэ далёка да кампэнсацыі, а ўсё павысілася, на 40-50% павысілася, тое-сёе на 25%, а кампэнсацыю даюць толькі на 9%”.

(Слухач: ) “Добрай раніцы. Хацеў бы задаць пытаньне спадару Бушлякову. Аднойчы неяк я заблытаўся ў адной фразе, у спрэчках, сказаў так: “Шануйце мову нацыі, но не акупацыі”, а пасьля паправіўся, ці можна сказаць “но”. І сказаў так: “Шануйце мову нацыі, а не акупацыі”; а пасьля падумаў, што, можа, можна сказаць “шануйце мову нацыі, ды не акупацыі”. Дык, як правільна сказаць гэтую фразу? Няхай растлумачыць спадар Бушлякоў. Добрага здароўя вам”.

(Андрэй, пэнсіянэр зь Петрыкаўскага раёну: ) (1) “Добры дзень, “Свабода”. Я наконт таго, як Беларусь патрапіць у Раду Эўропы. Я думаю, што не патрапіць. А вось якая прычына, дык я перачытваю Гіляроўскага, дык там такі вершык надрукаваны, дык я яго прачытаю – прабачце, на рускай мове. Называецца – “Музыканту Сашы”:

“Саша, юный музыкант, На тромбоне трубит. Его барственный талант Ноту “ре” не любит. Чуть ему кто поднесёт Новую реформу, “Ре” он мигом зачеркнет И оставит “форму”.

З гэтай нагоды мы у радзе Эўропы ніколі ня будзем. Дзякуй вам”.

(Андрэй, пэнсіянэр зь Петрыкаўскага раёну: ) (2) “Забыўся патлумачыць сытуацыю. Той верш у кніжцы Гіляроўскага напісаны быў падчас панаваньня Аляксандра I, у самыя рэакцыйныя часы ў Расеі, але як жа сытуацыя нагадвае нашую, беларускую!”

(Слухачка, грамадзянка Беларусі, пэнсіянэрка, Менск: ) “Добры дзень, “Свабода”. Мой новы дзень пачынаецца са слуханьня вашых цікавых, зьмястоўных перадач пра тое, што адбываецца ў Беларусі, на Радзіме. Вы нясеце праўду, і ў той жа час падтрымку ў змаганьні з рэжымам Лукашэнкі. Беларусы ўдзячныя Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША за арганізацыю “Акту дэмакратыі ў Беларусі”. Лукашэнка – пагроза ня толькі Беларусі, але і ўсяму цывілізаванаму сьвету. Нездарма ж ён усталёўвае кантакты з кіраўнікамі такіх краін, як Судан, Сірыя, Іран, у правільнасьці палітыкі якіх сумняюцца дэмакратычныя сілы Эўропы. Вялікай дапамогай для народа Беларусі зьяўляецца расьсьледаваньне лёсу зьніклых – Захаранкі, Ганчара, Красоўскага, Завадзкага. Названы людзі, якія датычныя да гэтага крыміналу, але ж і Лукашэнка ня можа стаяць убаку. Што да вашага пытаньня тыдня – Беларусь будзе знаходзіцца за межамі Рады Эўропы да таго часу, пакуль у Беларусі будзе царстваваць антынародны дыктатар Лукашэнка і яго абрыдлы рэжым. Дзякую”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG