Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Герой афінскай Паралімпіяды Раман Макараў: “Не хацеў бы, каб мяне выкарыстоўвалі ў палітыцы”


Ігар Карней, Менск Увечары 6 кастрычніка прызэры нядаўніх Паралімпійскіх гульняў у Афінах упершыню пасьля вяртаньня дадому сустрэліся з журналістамі. Нагадаем, што спартоўцы-інваліды выступілі ў Грэцыі ўдвая лепей за прадстаўнікоў асноўнай нацыянальнай зборнай. Пры аднолькавым мэдалёвым плянаваньні – а кожная каманда абавязвалася здабыць ня меней за 25 узнагародаў –паралімпійцы атрымалі 29 медалёў, зь якіх 10 залатых. Месяцам раней спартоўцы нацыянальнай зборнай здолелі падняцца на алімпійскі п’едэстал 15 разоў – і толькі двойчы на вышэйшую прыступку. Але ніводная з камандаў пакуль не атрымала ад дзяржавы заробленых прэміяльных.

“З вынікамі выступаў у Афінах праз чатыры гады ў Кітаі рабіць нам няма чаго”, зусім нечакана для журналістаў пачаў размову Генэральны сакратар паралімпійскага камітэту Мікалай Заічкоў. Функцыянэр зазначыў, што ў Грэцыі спартоўцы адкарэктавалі болей за 700 усясьветных рэкордаў, а самай галоўнай і непрыемнай тэндэнцыяй нядаўняй Паралімпіяды стала ўсё больш актыўнае зьвяртаньне да допінгу. Менавіта апошняе і прыводзіць да таго, што паралімпійцы паказваюць часам вынікі нашмат лепшыя, чым дэманструюць здаровыя атлеты.

Аднак, як лічыць кіраўнік паралімпійскага камітэту Алег Шэпель, справа ня толькі ў заганнай допінгавай практыцы, на якую яшчэ збольшага заплюшчваюць вочы. Сярэдні ўзрост беларускай каманды – 31год. Тэрмінова патрабуецца амаладжэньне складу, бо сталыя чэмпіёны ў Пэкіне наўрад ці ўжо паўтораць свае подзьвігі.

Дарэчы, з 33 паралімпійцаў, якія выступалі ў Афінах, мэдалі зарабілі 15. І досьвед паказаў, што цяпер спадзяваньні – на такіх, як Раман Макараў: 20-гадовы спартовец здолеў здабыць у Афінах 8 мэдалёў, сярод якіх тры залатыя. Запытваю ў героя Паралімпіяды: ці былі ўжо з боку дзяржавы прапановы стаць візытоўкай беларускага спорту на палітычным узроўні, як у выпадку зь Юліяй Несьцярэнкай, якая апошнім часам актыўна агітуе за ўладу і рэфэрэндум?

(Раман Макараў: ) “Не, але я быў бы, пэўна, супраць. Супраць таго, каб мяне выкарысталі ў такім пляне”.

Галоўнае пытаньне, якое зараз хвалюе паралімпійцаў – як атрымаць заробленыя прэміяльныя. У параўнаньні са спартоўцамі асноўнай каманды яны хоць і невялікія, але для бальшыні паралімпійцаў гэта адзіны шанец зрабіць апэрацыі і, такім чынам, паспрабаваць вярнуцца да здаровага жыцьця. Аднак на вышэйшым узроўні пакуль справа абмяжоўваецца вуснымі абяцаньнямі. Гаворыць Раман Макараў:

(Раман Макараў: ) “Пакуль гэта ніяк не агучвалася. Нават да канца не зразумелыя сумы. За эстафэту наогул ня ведаем, якім чынам яна будзе ацэненая”.

Зрэшты, аналягічная сытуацыя і ў іншым выпадку. Болей, чым праз месяц пасьля заканчэньня Алімпіяды нават не ўздымаецца пытаньне прызавых ані для алімпійцаў галоўнай нацыянальнай каманды. У Нацыянальным алімпійскім камітэце цягам усяго гэтага часу кажуць, што ўсе неабходныя паперы падрыхтаваныя, дасланыя на подпіс да прэзыдэнта НАК Лукашэнкі, цяпер справа за малым – аддаць грошы спартоўцам.

Калі зробіць “адмашку” галоўны спартовец Беларусі – прагназаваць цяжка, але ўсе чакаюць, што яшчэ да рэфэрэндуму. Прызэры Алімпіяды тым часам чакаюць ня толькі абяцаных грошаў, але й кватэраў. І калі Юліі Несьцярэнцы пасьля таго, як яна выказала поўную падтрымку маючаму адбыцца рэфэрэндуму, берасьцейскія ўлады адразу ж прапанавалі прыстойную кватэру, то Алімпійскі чэмпіён у дзюдо, цёзка ў прозьвішчы Рамана Макарава Ігар Макараў катэгарычна адмаўляецца ад варыянту двухпакаёвай “хрушчоўкі” ў Гомелі. Кажа, што тады лепей не абяцаць увогуле нічога:

(Ігар Макараў: ) “Дзеля прыкладу: нядаўна тэлефанаваў казахам, сябрам сваім, дык баксёр, які перамог на Алімпіядзе, чацьвёртую кватэру атрымаў і васемнаццатую машыну. Гэта ня жарт, а на поўным сур’ёзе. У нас, відавочна, хапае толькі на словы”.

Дарэчы, алімпійцаў усіх суседніх з Беларусьсю краінаў уганаравалі цягам першых жа дзён пасьля вяртаньня на Радзіму. Аргумэнт ва ўсіх выпадках аднолькавы: услаўляць сваіх герояў неабходна на сьвежых эмоцыях. Да таго ж, памеры прэміяльных у бальшыні краінаў аднолькавыя як для паралімпійцаў, так і для спартоўцаў галоўнай каманды. У Беларусі сумы розьняцца найменей у пяць разоў – не на карысьць атлетаў-інвалідаў.
XS
SM
MD
LG