Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь беспрацоўнымі на сельгасработах “абыходзяцца, як з быдлам”


Міхал Стэльмак, Менск Гэтымі днямі жыхары многіх гарадоў Беларусі зь ліку беспрацоўных накіроўваюцца на вёску, дзе бяруць удзел у сельскагаспадарчых работах. Як праходзіць гэтая кампанія?

У цэлым у краіне, паводле афіцыйных зьвестак, у сельскагаспадарчых работах задзейнічана некалькі тысячаў беспрацоўных. Напрыклад, у Менску кожную раніцу каля дзьвюх соцень менчукоў выпраўляюцца працаваць у сельгаспрадпрыемствы Менскага й Смалявіцкага раёнаў. І кожную раніцу ў пунтах збору беспрацоўных чуваць лямант:

(Спадар: ) “Няма куды лезьці. Ня лезьце. Што вы за сьвіньні!”

(Спадарыня: ) “Нэрватропка. Ня ўлезьці. Таму што няправільна робіць інспэктар. Груба”.

(Іншая спадарыня: ) “Ня лічаць за людзей. Яны лічаць, што гэта адкіды грамадства”.

(Карэспандэнт: ) “Вы беспрацоўная?”

(Спадарыня: ) “Так. Стаю на біржы. Вось знойдуць працу, дык пайду працаваць”.

(Карэспандэнт: ) “Дзе вы працавалі?”

(Спадарыня: ) “У Доме культуры трактарнага завода”.

(Іншы спадар: ) “На біржу я хаджу месяцамі. І нідзе не прапануюць працы”.

(Карэспандэнт: ) “Дзе вы працавалі?”

(Іншы спадар: ) “На аўтазаводзе. Трапіў пад скарачэньне. Хаджу на працу. Дадуць два вядры гэтай гнілой бульбы”.

Як мы толькі што чулі, мае суразмоўцы незадаволеныя працай службы занятасьці. Хацелася б удакладніць: ці гэта яна накіроўвае беспрацоўных на працу ў вёску, альбо яны едуць працаваць туды па ўласным жаданьні?

Пераважная большасьць гараджанаў, зь якімі я меў гутарку, на вясковыя палеткі едзе з прычыны нізкага дабрабыту. Аргумэнт у іх адзін: каб выжыць. Бо дапамога, якая аказваецца асобам, што маюць статус беспрацоўнага – мізэрная. У прыватнасьці, вось што паведаміла на гэты конт у гутарцы са мной начальнік аддзелу Менскага гарадзкога цэнтру занятасьці Іна Сямёнава:

(Сямёнава: ) “Яны абмежаваныя дзьвюма мінімальнымі заробкамі. Але яно ня плаціцца, калі вы звольніліся па ўласным жаданьні. У нас атрымлівае яго толькі трэцяя частка, з 12 тысяч беспрацоўных – 3 тысячы. Бо трэба выконваць умовы. Самастойна займацца пошукам працы. Прыходзіць па выкліку ў службу занятасьці. Браць удзел у грамадзкіх работах. Зараз у нас сельгасработы на першым пляне. Народ езьдзіць. Там плацяць. Калгасы задаволеныя”.

Як вынікае з тлумачэньня спадарыні Сямёнавай, калгасы задаволеныя працай менскіх беспрацоўных. А ці добра ім плацяць гаспадаркі?

Зь беспрацоўнымі гаспадаркі разьлічваюцца, як правіла, гароднінай. Пры гэтым, на думку апошніх, яны робяць шмат, але зарабляюць мала. Апроч таго, беспрацоўныя незадаволеныя й характарам узаемадачыненьняў з кіраўніцтвам гаспадарак:

(Спадар: ) “Абыходзяцца як з быдлам. Бамжамі ўсіх называюць. Усяляк абзываюць. Маўляў, галодныя прыехалі. Даюць два вядры бульбы. Спачатку давалі тры. Потым абнаглелі. Такі бардак. Я запярэчыў: чаму як з быдлам абыходзіцеся. А ў адказ: не падабаецца–зыходзь”.

(Карэспандэнт: ) “Як вас зваць?”

(Знак: ) “Знак Аркадзь Іванавіч. Я працаваў у ахове. Прыходжу, а мне кажуць: вам 57-ы год. Нікуды не бяруць. Дык я кажу: мне што, ісьці красьці?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG