Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карціну Аляксея Марачкіна зноў забаранілі: гэтым разам з-за рэфэрэндуму


Вячаслаў Ракіцкі, Менск У менскім Палацы мастацтваў распачала працу традыцыйная выстава Саюза мастакоў “Восень-2004”. Штогод у кастрычніку беларускія жывапісцы, графікі, скульптары прапануюць у экспазыцыю лепшае, як яны самі лічаць, што зрабілі за год. Але й на гэтай зборнай выставе зноў дала пра сябе знаць яшчэ адна традыцыя апошніх гадоў – адхіленьне твораў не паводле мастацкіх, а паводле палітычных матываў.

Сапраўды, тэндэнцыя да забароны на публічны паказ тых ці іншых твораў вырастае на нашых вачох у традыцыю. Дый ахвяры – традыцыйныя. Як правіла, гэта сябры суполкі “Пагоня”, якія знаходзяцца ў прынцыповай апазыцыі да сучаснай беларускай улады. Раней здымаліся працы Тацьцяны Маркавец, сатырычная графіка Алега Карповіча, творы Ўладзімера Крукоўскага, Алеся Пушкіна.

Апошняя ахвяра – кіраўнік “Пагоні”, жывапісец Аляксей Марачкін. Зрэшты, гэта ня першая забарона ягонай карціны. Прыкладам, летась з выставы да юбілею Міндоўга быў зьняты ягоны твор “Сьляза Міндоўга”. А гэтым разам не дапусьцілі да ўдзелу ў выставе працу пад назовам, які нясе выразнае абагульненьне: “Якія самі, такі і наш Саня, або Падман-2004”.

Сам Марачкін схільны называць інцыдэнт нават не забаронай твору, а яго арыштам, прынамсі – часовым затрыманьнем. Вось такім слоўнікам ужо карыстаюцца мастакі. Таму мы можам толькі ўявіць, што намалявана на палатне, са слоў самога мастака:

(Марачкін: ) “Гэтую карціну я напісаў якраз да выбараў і рэфэрэндуму. Я там супаставіў як бы дзьве эпохі. Гэта – 50-я гады, такі дакумэнтальны фотаздымак 50-х гадоў, калі журналіст расставіў на выбарчым участку людзей. І гэты здымак прайшоўся па ўсіх газэтах. Я паказаў там як бы ў двух вымярэньнях, што ў нас фактычна ёсьць дзьве Беларусі: адна Беларусь застрашаная, каторая падаўляецца сродкамі масавай інфармацыі, замбіруецца. Другая Беларусь, якая ня хоча жыць пад такім ціскам, хоча быць вольнай і свабоднай”.

Выстава ладзіцца не дзяржавай, а творчым саюзам. Дык няўжо цэнзура існуе ў асяродзьдзі аб’яднаных творчасьцю людзей? Здавалася б, гэтая выстава павінна была выклікаць асаблівую прыязнасьць мастакоў, бо яе ідэя дэкляруецца як выстава без выстаўкаму і журы. А значыць, творцы маюць магчымасьць прадэманстраваць свой свабодны погляд на сьвет і мастацтва.

Але, як яны самі кажуць, такое сёньня немагчыма. Цэнзарамі становяцца самі мастакі, дакладней – іхныя грамадзкія кіраўнікі. Вось як тлумачыць Аляксей Марачкін працэс вяртаньня да цэнзуры:

(Марачкін:) “На працягу гэтых 10 гадоў здымаліся творы традыцыйна ў суполкі “Пагоня”. Цэнзура прайшлася ад Міністэрства культуры. Быў спэцыяльны загад Міністэрства культуры адносна арганізацыі выстаў, а менавіта – Саюз мастакоў ня мае права адкрываць выставы бяз санкцыі вышэйшых уладаў, гэта значыць – Міністэрства культуры. Таму сёньня цэнзура як бы перакачавала ў сам Саюз мастакоў. І за гэтае дзесяцігодзьдзе пры кіраўніцтве А.Лукашэнкі сталася так, што самі мастакі, якія пры кіраўніцтве, і той жа Лойка, старшыня жывапіснай сэкцыі, і тая ж Марчанка, кіраўніца суполкі “Верасень” – усе яны, так бы мовіць, зьяўляюцца ўжо ўласнымі цэнзарамі, як бы з асяродзьдзя мастакоў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG