Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Заявы Лукашэнкі маюць мала агульнага з ростам рэальнага дабрабыту людзей


Іна Студзінская, Менск Cярэдняя заработная плата ў Беларусі да 2010 году павінна скласьці 500 даляраў, заявіў Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з жыхарамі Глыбокага. А вось да маючага адбыцца ў 2006 годзе Ўсебеларускага зьезду кіраўнік дзяржавы паабяцаў выйсьці на сярэдні ўзровень заробку, эквівалентнага 250 далярам. Ці дасягальныя, на думку вядомых эканамістаў, гэтыя лічбы?

Што да лічбаў, якія называе Аляксандар Лукашэнка, то яны мяняюцца хутчэй за восеньскае надвор’е. Пару тыдняў таму на сустрэчы зь берасьцейскімі студэнтамі беларускі лідэр абяцаў ў 2010 годзе заробкі ў 750 даляраў – ажно на 250 больш, чым пазаўчора жыхарам Глыбокага. Ды што там празь пяцігодку! Літаральна празь месяц, у лістападзе працуючы беларус атрымае ўжо 195 умоўных адзінак замест 165 у кастрычніку. Ці рэальны такі імклівы рост, я папрасіла пракамэнтаваць эканаміста, экс-міністра працы Аляксандра Саснова.

(Сасноў: ) “Можна называць любыя лічбы, і можна выканаць усё, што называеш. Пакуль наш галоўны гандлёвы партнэр, Расея, мае вельмі добры кан’юнктурны рост, паколькі кошт энерганосьбітаў зараз добры, і на карысьць Расеі – перападае і Беларусі. Лукашэнка таму так сьмела і заяўляе, гэта першае. А па-другое, ён так сьмела кажа толькі тады, калі рэфэрэндум на носе, як кажуць. Што будзе рабіць пасьля рэфэрэндуму – час пакажа. Думаю, што значную частку з таго, што ён абяцае, ён ня выканае”.

На думку Аляксандра Саснова, калі называюцца такія розныя лічбы, гэта сьведчаньне таго, што Лукашэнка бярэ іх не з сур’ёзных эканамічных разьлікаў, а з галавы ці “са столі”…

А які сярэдні заробак у 2010-м годзе прагназуе Міністэрства эканомікі? Як паведамілі ў прэсавай службе Міністэрства эканомікі Беларусі, такіх доўгатэрміновых прагнозаў яшчэ няма. Магчыма, у наступным годзе будзе прагназавацца праграма сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на 2006-2010 гады. А вось што да 2005 году, то сярэдні заробак заплянаваны на ўзроўні 208,5 даляраў, у дзяржслужачых – 225 даляраў. Так што і тут Лукашэнка, мякка кажучы, перагнуў.

Экс-старшыня Нацыянальнага банку, прафэсар Станіслаў Багданкевіч так пракамэнтараваў абяцаны рост заробкаў:

(Багданкевіч: ) “Ён дрэнна вывучаў марксізм-ленінізм. Кожны, хто старанна гэтым займаўся, ведае, што ў нармальнай дзяржаве зарплата павінна крыху адставаць ад росту прадукцыйнасьці працы. Толькі тады эканоміка будзе разьвівацца ўстойліва, без крызысаў”.

На думку Станіслава Багданкевіча, калі б на пачатку 90-х краіна абрала дэмакратыю і рынак, то сярэдняя заработная плата ў Беларусі была б ужо, як у Польшчы – 600 даляраў, а паколькі ў беларускай эканоміцы галоўны рухавік – адміністратыўнае кіраваньне й бізун, таму мы й маем сярэдні заробак у 165 даляраў. Дый калі заробкі будуць так імкліва расьці, гэта ня значыць, што народ стане багацейшы, і дабрабыт вырасьце, лічыць прафэсар Багданкевіч.

(Багданкевіч: ) “Насамрэч, даляр абясцэніўся, пачынаючы з 1999 году, прыкладна на 40%. Нават калі б мы атрымоўвалі гэтыя намінальныя сумы заробкаў, гэта не паказчык росту дабрабыту. Аднапакаёвая кватэра каштавала 7-8 тысяч, зараз больш за 20 тысяч на беларускім рынку. Таму ўсе гэтыя заявы маюць мала агульнага з ростам рэальнага дабрабыту людзей”.

Дарэчы, учора на рэспубліканскай нарадзе па пытаньнях сацыяльнай палітыкі Лукашэнка заявіў, што ў наступным 2005 годзе на павышэньне даходаў насельніцтва дадаткова будзе накіравана каля 1 мільярду даляраў. Зь якой крыніцы яны возьмуцца – не ўдакладняецца…

Зь 1 лістапада заробкі работнікаў бюджэтнай сфэры ўзрастуць на 20%. Маючае адбыцца павышэньне зарплаты закране 170 тысяч грамадзянаў. У прыватнасьці, Лукашэнка паведаміў, што прыбіральшчыца будзе зарабляць 148 тысяч рублёў, санітарка – ажно 156 тысяч (менш за 70 даляраў).
XS
SM
MD
LG