Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыю запрасілі на дзяржаўнае тэлебачаньне ў ток-шоў “Выбар”


Валер Каліноўскі, Менск Упершыню за час кампаніі па падрыхтоўцы да рэфэрэндуму прадстаўнікоў апазыцыі запрасілі на дзяржаўнае тэлебачаньне ў ток-шоў Ягора Хрусталёва “Выбар” на АНТ. Перадачу можна будзе паглядзець у запісе ў панядзелак. Гэта – выключэньне з агульнай аднабаковай агітацыі за рэфэрэндум у дзяржаўных СМІ.

11 кастрычніка гледачы АНТ змогуць першымі прагаласаваць “за” альбо “супраць” рэфэрэндуму – цягам так званага інтэрактыўнага галасаваньня ў часе перадачы “Выбар”, якая цалкам прысьвечаная рэфэрэндуму аб магчымасьці А.Лукашэнкі ўдзельнічаць у выбарах прэзыдэнта неабмежаваную колькасьць разоў. Кіраўніцтва тэлеканала ўпершыню падчас гэтай кампаніі запрасіла прадстаўнікоў “Народнай грамады”, ПКБ, іншых апазыцыйных партыяў і арганізацыяў. Запіс працягваўся паўтары гадзіны, перадача зойме каля гадзіны, таму зразумела, што гледачы ўбачаць ня ўсе выступы. Гаворыць адзін з удзельнікаў перадачы Уладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) “Па-першае, іх будуць выразаць як захочуць, мантаж рабіць так, як спадабаецца дзяржаўнаму тэлебачаньню. Па-другое: інтэрактыўнае галасаваньне будзе праходзіць у панядзелак – якраз у той момант, калі рэальна ў прамым эфіры будзе ісьці гэтая перадача. Нас там ужо ў студыі ня будзе, і тое, што будзе рабіць Белтэлеком і АНТ – ніхто гэта пракантраляваць ня ў стане. Таму колькі трэба адсоткаў, столькі гэтае інтэрактыўнае галасаваньне і дасьць”.

Уладзімер Нісьцюк ня верыць у аб’ектыўнасьць АНТ ды іншых дзяржаўных СМІ. Тое, як яны падаюць перадвыбарную кампанію, ён называе “гульнёй у адны вароты”.

Апазыцыя мае толькі адну магчымасьць данесьці свае погляды да людзей – ходзячы ад дзьвярэй да дзьвярэй, кажа прадстаўніца ПКБ Алена Скрыган. Кандыдатам ад яе партыі не даюць магчымасьці праводзіць перадвыбарчыя сходы. Апошні выпадак – калі кіраўніцтва менскай бібліятэкі імя Янкі Купалы адмовіла ў арэндзе залы лідэру партыі Сяргею Калякіну. Нават ЦВК ня змог паспрыяць у вырашэньні такой праблемы, бо фармальна Выбарчы кодэкс не абавязвае кіраўнікоў прадпрыемстваў і ўстаноў даваць залы кандыдатам у дэпутаты.

Тым часам учора Рада па інфармацыйных спрэчках пры ЦВК і сама цэнтральная камісія пацьвердзілі слушнасьць высновы Віцебскай-горкаўскай акруговай камісіі аб тым, што былыя кандыдаты ў дэпутаты Павел Севярынец і Ўладзіслаў Токараў дапусьцілі ў сваіх радыёвыступах абразу і паклёп на службовых асобаў ды распальваньне сацыяльнай варожасьці. За гэта раней была скасаваная іх рэгістрацыя як кандыдатаў.

Севярынец выказваў меркаваньне пра карупцыю, бюракрытызм і хлусьню на ўсіх паверхах улады, не называючы аднак канкрэтных прозьвішчаў. Тое самае і Токараў. Сябра ЦВК з дарадчым голасам Міхаіл Пліска гэтак пракамэнтаваў рашэньне ЦВК і акруговай камісіі:

(Пліска: ) “Фактычна, гэта вяртаньне да практыкі савецкіх часоў, калі ў крымінальным кодэксе існаваў артыкул за антысавецкую прапаганду”.

На думку Міхаіла Пліскі, і Назіральная рада пры ЦВК, і іншыя дзяржаўныя органы прымаюць рашэньні, патрэбныя выканаўчай ўладзе, з тым каб дамагчыся выкананьня наказу А. Лукашэнкі аб сакрушальнай перамозе над апазыцыяй ва ўсіх 110 акругах у першым туры галасаваньня.

Акрамя таго, ЦВК пацьвердзіў рашэньне Пухавіцкай акруговай камісіі аб скасаваньні рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты Віктара Воліна. Спадар Волін быў вылучаны зьездам ЛДПБ. Аднак нядаўна Вышэйшы Савет партыі прыняў рашэньне выключыць яго з партыі з фармулёўкай “за невыкананьне службовых абавязкаў” і адклікаць ягонае вылучэньне як кандыдата. Спадар Волін не пагадзіўся з такім рашэньнем, паколькі ніякіх службовых абавязкаў перад партыяй ён ня меў.

Гэта ня першы выпадак зьняцьця ЛДПБ сваіх кандыдатаў зь перадвыбарчай гонкі. Некаторыя зь іх адкрыта заявілі, што робяць гэта на карысьць кандыдатаў ад улады. У Пухавіцкай акрузе, дзе зьнялі спадара Воліна, балятуецца дзейны дэпутат, прыхільнік А. Лукашэнкі Ігар Катляроў.

Лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч патлумачыў партыйныя рашэньні аб зьняцьці сваіх кандыдатаў выгадай для партыі, сам жа ён зьбіраецца перамагчы на выбарах.

(Гайдукевіч: ) “Як толькі Гайдукевіч разам з дэпутатамі прымае нейкае рашэньне, дык адразу ўсім цікава, і адразу размова: каму яны падыгрываюць? Мужыкі, наша партыя – разумнейшая за ўсіх астатніх разам узятых, як і тых, хто аб іх піша і што яны робяць. І вы пераканаецеся ў гэтым, ня пройдзе й пары гадоў. Чаму? Таму што мы – граматныя людзі”.
XS
SM
MD
LG