Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка паабяцаў па 100 даляраў на чалавека дзеля падвышэньня дабрабыту — на месяц выйдзе каля 8 даляраў на кожнага


Юры Сьвірко, Менск Паабяцаўшы выдаткаваць у 2005 годзе 1 мільярд даляраў, спадар Лукашэнка не патлумачыў, дзе ён яго возьме ды ці ўключаныя гэтыя грошы ў праект дзяржаўнага бюджэту наступнага году.

На адмысловай нарадзе па сацыяльных пытаньнях Аляксандар Лукашэнка абвесьціў, што ў 2005 годзе на павелічэньне стыпэндыяў, пэнсіяў, заробкаў і грашовых дапамог будзе выдаткаваны 1 мільярд даляраў ЗША.

Аднак гэты “беспрэцэдэнтны крок” і “калясальная падтрымка” прывядуць толькі да таго, што сярэдні заробак складзе ўсяго 185–190 даляраў на месяц, а трэба, паводле спадара Лукашэнкі, 250 даляраў. “Таму, — дадаў ён, — вядома ж, будуць патрэбныя дадатковыя выдаткі”.

Кіраўнік дзяржавы паабяцаў выдаткоўваць яшчэ больш грошай, бо на 250 далярах сярэдняга заробку “мы ня спынімся — нам трэба за пяцігодку мінімум 500, а мы яшчэ прыкідвалі 750…”

Але пра крыніцы такога фінансаваньня ён не сказаў нічога. Вось што заявіў з гэтай нагоды былы кіраўнік Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч:

(Багданкевіч: ) “Калі ён так гаворыць, што возьме, — відаць, ён вельмі багаты. Можа, накраў гэтак шмат? Адкуль у яго гэты мільярд даляраў? Мы завозім харчы, хоць ён гаворыць байкі ўсялякія пра тое, што ў нас свайго хапае. Летась мы завезьлі на 500 мільёнаў даляраў больш сельгаспрадукцыі, чым вывезьлі”.

Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў важнасьць гэтай нарады, якая істотна паўплывае на сацыяльна-палітычную абстаноўку ў Беларусі. Паводле яго, няма такой дзяржавы, дзе эліта й кіраўнікі сёньня не паціраюць рукі й не чакаюць — што там гэтыя беларусы атрымаюць. Спадар Лукашэнка заявіў: “Усе чакаюць, і мы павінны паказаць, хто ў доме гаспадар. Мы павінны паказаць, што той шлях, якім мы ідзем ды які падтрымаў народ, — гэта правільны шлях”.

Аляксандар Лукашэнка дадаў, што калі народ выкажа недавер або атрыманы працэнт галасоў будзе выклікаць нейкі сумнеў, дык “нас пачнуць прэсаваць, вось пабачыце”. “Мы разам з вамі здаем палітычны іспыт”, — сказаў спадар Лукашэнка сваёй вэртыкалі. Ён таксама заявіў, што падвышэньне даходаў насельніцтва рабілася рэгулярна двойчы-тройчы на год. “Мы народ не купляем. Я нават ня стаў гэта рабіць, як урад прапаноўваў — з 1 кастрычніка”, — сказаў Аляксандар Лукашэнка. Былы кіраўнік Нацбанку Станіслаў Багданкевіч заяўляе, што спадар Лукашэнка купляе не народ:

(Багданкевіч: ) “Купляе прыхільнасьць — а што можна сказаць? Насамрэч ён кепскі марксіст, кепска вучыў марксізм-ленінізм. Рост зарплаты павінен адбывацца толькі на аснове росту прадукцыйнасьці працы й крыху адставаць”.

Тое самае адзначыў і Ўсясьветны банк. Яго рэгіянальны дырэктар па Ўкраіне, Беларусі й Малдове Люка Барбонэ заявіў месяц таму, што ўзровень інвэстыцыяў, якія патрэбныя для забесьпячэньня ўстойлівага росту Беларусі, недастатковы, бо “шмат рэсурсаў адцягваецца на павелічэньне заробкаў — мажліва, празьмернае”.
XS
SM
MD
LG