Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць менчукі пра “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”, прыняты амэрыканскім парлямэнтам?


Галіна Абакунчык, Менск Пра “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”, прыняты Палатай прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША, многія шараговыя грамадзяне пакуль нічога ня ведаюць, бо дзяржаўныя мэдыі пра гэта не паведамляюць. Гэта паказала апытаньне, праведзенае на вуліцах Менску. Што думаюць аб законапраекце амэрыканскіх кангрэсмэнаў мінакі?

(Карэспандэнтка: ) “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі прадугледжвае падтрымку ў разьвіцьці дэмакратыі й свабоды, а таксама санкцыі супраць найвышэйшых уладаў краіны. Як вы да гэтага ставіцеся?”

(Юначка: ) “З дэмакратыяў у нас, у Беларусі, па-мойму, справы ня вельмі ўдалыя. Таму дапамога патрэбная”.

(Юначка: ) “А я лічу, што акрамя нас саміх нам ніхто не дапаможа”.

(Спадар: ) “Я за гэта. Тут дэмакратыі нуль — на ўласнай скуры ўсё зьведаў”.

(Спадарыня: ) “Такія акты, той жа самай Амэрыкі, прымушаюць задумацца, што ня ўсё добра ў нашай дзяржаве. Калі, па сутнасьці, пабочныя краіны распачынаюць вырашаць нашыя праблемы”.

(Юнак: ) “З аднаго боку, гэта добра, бо мы можам разьлічваць на нейкую дапамогу іншай краіны. А зь іншага, у нас не разьвіваецца самастойнасьць. Пэўна, патрэбна, каб мы самі да гэтага дайшлі”.

(Спадар: ) “Для іх — мінус з аднаго боку. Бо яны ўмешваюцца ва ўнутрыпалітычныя справы іншай дзяржавы. Яны ўжо нарабілі даволі шмат. Чаго лезьці яшчэ?”

(Спадар: ) “Нельга казаць, што вось гэта мая хата і я тут каго хачу, таго й душу. Калі б так жыў увесь сьвет, то кожны ў сваёй краіне мог бы вырабляць усё, што ён хоча. У такіх умовах, у якіх знаходзяцца нашыя людзі, якія мысьляць адрозна ад улады, калі іх яшчэ ізаляваць ад міжнароднай дапамогі, хаця бы маральнай, дык што ім застаецца — ісьці ў падвалы й лясы?”

(Юнак: ) “ЗША неяк дапамагаюць і з аднаго боку гэта правільна. Зь іншага, каб не адбылося так, што мы ім пасьля вінаватыя будзем”.

(Юнак: ) “Станоўча стаўлюся, бо мы адны, асобна ад іншых краінаў Эўропы, ізаляваныя ад сьвету, як адрынутыя, усё гэта — з-за ўладаў”.

(Спадарыня: ) “Галоўнае, каб бамбаваньняў не было”.

(Спадарыня: ) “Цудоўна стаўлюся. І гэта адзінае выйсьце — дапамагчы беларусам устаць з каленяў, тады і ўнутрыпалітычнае становішча зьменіцца. Яно само сабой зьменіцца”.

(Спадар: ) “Гэта выдатна. Гэта доўгачаканы акт, бо прыняўшы рашэньне пра сваё бестэрміновае панаваньне, цараваньне ў Беларусі, ён ужо ні на што не зьвяртае ўвагі. Цяжка дыхаць у нашай кране. Таму, гэтыя санкцыі, яны будуць скіраваныя менавіта супраць улады, супраць Лукашэнкі. І гэты акт — гэта выдатна проста, што такое рашэньне было прынятае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG