Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка назваў амэрыканскі “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” “найлепшым падарункам” для сябе


Валер Каліноўскі, Менск МЗС Беларусі лічыць дакумэнт дэструктыўным, праўладныя дэпутаты Нацыянальнага сходу ўважаюць яго за ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Беларусі перад выбарамі й рэфэрэндумам.

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, лепшага падарунка ўладзе ў Беларусі й не патрэбна. “Калі вы мяне папракаеце, што я шукаю ўнутранага і зьнешняга ворага, то навошта даяце падставу, каб я знаходзіў гэтага ворага за межамі краіны”, — заявіў А.Лукашэнка. На яго думку, “Акт аб дэмакратыі” дадасьць яму 10% галасоў на рэфэрэндуме. Ён таксама заявіў, што гатовы паведаміць свае даходы, чаго вымагае прыняты ў Вашынгтоне дакумэнт, і ўжо даручыў падлічыць усё, што яму плаціла дзяржава, і накіраваць зьвесткі ў Амэрыку. Але ў адказ А.Лукашэнка хоча запатрабаваць, каб і прэзыдэнт Буш апублікаваў зьвесткі пра свае даходы.

Адрэагавала на рашэньне ніжняй палаты Кангрэсу ЗША і Міністэрства замежных справаў Беларусі. Гаворыць прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных:

(Савіных: ) “Законапраект па Беларусі мае яркі дэструктыўны характар. Прыняцьцё гэтага дакумэнта, які прасунулі праз палату прадстаўнікоў вельмі пасьпешліва, зьяўляецца спробай умяшальніцтва ва ўнутраныя справы сувэрэннай дзяржавы”.

Нэгатыўныя і камэнтары сябраў Нацыянальнага сходу Беларусі. Мікалай Чаргінец з Савету Рэспублікі назваў рашэньне амэрыканскага парлямэнту “брэхам сабакі на караван”. Дэпутат Анатоль Красуцкі паведаміў, што ў пятніцу чакаецца прыняцьцё заявы беларускай Палаты прадстаўнікоў у адказ на рашэньне ў Вашынгтоне:

(Красуцкі: ) “Гэтыя захады пасьля правядзеньня выбараў і рэфэрэндуму, як я мяркую, доўга не праіснуюць. Жыцьцё прымусіць унесьці карэктывы ў іх. Гэта палітычны фарс”.

Анатоль Красуцкі ня лічыць, што эканамічныя санкцыі ЗША адносна Беларусі нашкодзяць краіне, бо месца амэрыканскага бізнэсу зойме расейскі.

Аляксандар Лукашэнка сёньня заклікаў кіраўнікоў уладных структураў Беларусі “ня проста выйграць рэфэрэндум і парлямэнцкія выбары, абраўшы 110 дэпутатаў парлямэнту ў першым туры, мы павінны каменя на камені не пакінуць ад унутранай і зьнешняй апазыцыі. Уладу трэба трымаць і абараняць яе. У нас дастаткова ўлады, каб сакрушальна выйграць выбары і рэфэрэндум”.

• Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША адзінагалосна прыняла “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG