Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Няўрадавыя арганізацыі дамагаюцца зьмены законаў


Альгерд Невяроўскі, Менск Актывісты Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў Беларусі зьбіраюцца распачаць збор подпісаў пад патрабаваньнем да ўладаў зьмяніць заканадаўства, якое рэгулюе дзейнасьць грамадзкіх арганізацыяў. Гэтая ініцыятыва была агучана 6 кастрычніка падчас прэзэнтацыі кнігі “Права на аб’яднаньне. Беларусь 1994–2004”.

Пачаць збор подпісаў да ўладаў у справе зьмены заканадаўства прапанавала актывістка Асамблеі Алена Танкачова. 10 гадоў таму Вярхоўны Савет Беларусі прыняў дэмакратычны закон “Аб дзейнасьці грамадзкіх арганізацыяў”. Але ў наступныя гады ўлады прынялі шмат дэкрэтаў, указаў ды іншых падзаконных актаў, што прывяло да абмежаваньня дзейнасьці аб’яднаньняў і ліквідацыі многіх зь іх. Пра гэта распавядаецца ў прэзэнтаванай кнізе “Права на аб’яднаньне”. Адна зь яе аўтарак Алена Танкачова лічыць, што выхад кнігі й збор подпісаў за зьмену заканадаўства ёсьць чарговымі крокамі ў справе калектыўнай абароны грамадзкіх арганізацыяў. Спадарыня Танкачова спадзяецца, што акцыя будзе плённай:

(Танкачова: ) “У доўгатэрміновым пляне гэтыя вынікі бясспрэчна будуць. Бо як мінімум, мы сфармуем адзіны набор патрабаваньняў і будзем аб’ядноўваць вакол яго высілкі грамадзкіх арганізацыяў. Да таго часу, пакуль гэтыя зьмены ня будуць замацаваныя ў заканадаўстве”.

Збор подпісаў пачнецца 10 сьнежня ў дзень прыняцьця Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека.
XS
SM
MD
LG