Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клаўдыя Нольтэ: “Беларускі амбасадар выказаў зацікаўленасьць да маёй прамовы ў часе дэбатаў у Бундэстагу, асабіста мне патэлефанаваў на наступны дзень і папрасіў тэкст”


Ул. інф. Дакладчыца ў пытаньнях Беларусі фракцыі ХДС/ХСС у Бундэстагу Клаўдыя Нольтэ, якая знаходзіцца ў Менску, заявіла, што ўсе партыі, прадстаўленыя ў нямецкім парлямэнце, уважліва назіраюць за выбарчай кампаніяй у Беларусі й пасьля 17 кастрычніка вернуцца да абмеркаваньня сытуацыі ў краіне. Кляўдыя Нольтэ вітае прыняты Ніжняй палатай Кангрэсу ЗША “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” і не выключае, што некаторыя праекты, накіраваныя на дэмакратычныя пераўтварэньні ў Беларусі, эўрапейцы могуць ажыцьцявіць сумесна з амэрыканцамі.

Што да амэрыканскага “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі”, то спадарыня Нольтэ даведалася пра яго ўчора ўвечары ад карэспандэнта Свабоды. Вярнуўшыся ў Бэрлін, яна, паводле яе словаў, дэталёва вывучыць гэты дакумэнт і, магчыма, разам са сваімі калегамі па Бундэстагу зможа прапанаваць амэрыканцам супрацоўніцтва ў шэрагу пытаньняў.

Як падкрэсьлівае спадарыня Нольтэ, некаторыя з выкладзеных нямецкімі хрысьціянскімі дэмакратамі прановаў у часе нядаўніх беларускіх дэбатаў у Бундэстагу патрабуюць дэталёвага вывучэньня.

(Нольтэ: ) “Напрыклад, што тычыць радыёвяшчаньня на Беларусь, ягонага дыяпазону… Усё гэта павінна быць тэхнічна і эканамічна пралічана. Альбо такі момант, як замарожваньне замежных рахункаў адказных беларускіх чыноўнікаў ці забарона на выдачу ім візаў. Тут таксама патрабуецца дыскусія, каб гэтыя санкцыі былі юрыдычна бездакорныя. Канечне, мы будзем адсочваць беларускую сытуацыю і ўсе новыя тэндэнцыі намі, немецкімі дэпутатамі, будуць улічаныя. Калі выбары пройдуць свабодна й празрыста, краіна стане на дэмакратычны шлях, то ня будзе патрэбы ў рэалізацыі прапановаў, выкладзеных хрысьціянскімі дэмакратамі ў часе апошніх дэбатаў у Бундэстагу. У любым выпадку, кіроўная кааліцыя сацыял-дэмакратаў і зялёных запэўніла нас, што пасьля выбараў 17 кастрычніка мы вернемся да абмеркаваньня беларускай сытуацыі”.

Спадарыня Нольтэ прыбыла ў Менск ўчора на запрашэньне арганізатараў Нямецкага тыдня, які цяпер праводзіцца ў Беларусі. Паводле нямецкай дэпутаткі, праблемаў з атрыманьнем беларускай візы ў яе не было. Хаця беларуская амбасада цікавілася яе дзейнасьцю.

(Нольтэ: ) “Беларускі амбасадар выказаў зацікаўленасьць да маёй прамовы ў часе дэбатаў у Бундэстагу. Ён асабіста мне патэлефанаваў на наступны дзень і папрасіў тэкст. Я мяркую, што ў амбасадзе некаторы час думалі, ці даваць мне візу — яны былі добра паінфармаваныя пра тое, што я казала пра беларускую сытуацыю. Аднак я заўсёды адкрытая для іхных контрааргумэнтаў. Кожны можа абвергнуць тое, што я казала, аднак, відаць, аргумэнтаў не хапіла, каб адмовіць у візе. Мэта маёй паездкі — выступленьне з дакладам “Трансфармацыйныя працэсы ў ГДР”. Я дзялюся ўласным досьведам пра сваю краіну, аднак нейкія паралелі кожны ў стане рабіць сам”.

Паводле Клаўдыі Нольтэ, дэпутаты Бундэстагу ня маюць нейкіх устойлівых клішэ адносна Беларусі, яны гатовыя вітаць любы сыгнал зь Менску, які б сьведчыў пра жаданьне правесьці ў краіне дэмакратычныя выбары. Сьведчаньнем таму ёсьць адкліканьне на саміце АБСЭ ў Эдынбургу жорсткай рэзалюцыі па Беларусі. Нямецкія парлямэнтары гатовыя дапамагчы Беларусі выйсьці з самаізаляцыі, да якой яе прывяло кіраўніцтва. Аднак Нямечччына заўсёды будзе дакладна дэманстраваць беларускаму ўраду сваё непрызнаньне цяперашняга рэжыму, — паведаміла Свабодзе дакладчыца па Беларусі Клаўдыя Нольтэ.
XS
SM
MD
LG