Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаргінец: “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” – гэта “брэх сабакі на караван”


Кастусь Бандарук, Прага Беларускія палітыкі камэнтуюць прыняцьце Палатай прадстаўнікоў “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі”. Рэакцыя дзяржаўных і апазыцыйных палітыкаў на “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” даволі моцна адрозьніваецца.

Кіраўнік камісіі міжнародных справаў і нацыянальнай бясьпекі Савету рэспублікі нацыянальнага сходу Беларусі – Мікалай Чаргінец назваў прыняцьце “ Акту аб дэмакратыі ў Беларусі” “брэхам сабакі на караван”. “У нас з гэтымі спадарамі поўнасьцю супрацьлеглыя погляды на дэмакратыю. Калі дзеля аднаго чалавека – Садама Хусэйна – забіваць тысячы і тысячы людзей і называць гэта вяршыняй дэмакратыі, дык можна лёгка дайсьці й да зьнішчэньня цэлых краінаў і народаў, да ўсясьветнай вайны”, – адзначыў беларускі “сэнатар”. На ягоную думку “гэта набліжае амэрыканцаў з Аль-Кайдай і спрыяе вайне цывілізацыяў”. Чаргінец адзначыў, што ў эканамічным сэнсе Беларусь мае ад Амэрыкі толькі грошы, якія падпольным шляхам перадаюцца беларускай апазыцыі”. Паводле сэнатара, Беларусь павінна прыняць адэкватныя крокі ў адказ, напрыклад у выглядзе забароны на ўезд у Беларусь амэрыканскіх чыноўнікаў.

Старшыня камісіі нацыянальнай бясьпекі Палаты прадстаўнікоў Барыс Бікінін адзначыў, што ўвядзеньне эканамічных санкцыяў супраць Беларусі не паўплывае на эканамічнае, сацыяльнае і палітычнае разьвіцьцё Беларусі. Ён лічыць, што “у ЗША не засталося ўжо ніякіх рычагоў палітычнага ўзьдзеяньня на Беларусь” і што “свае спробы пабудаваць аднапалярны сьвет Амэрыка спрабуе з дапамогай так званага глябальнага эканамічнага ўзьдзеяньня”. На думку Бікініна, прымаючы “Акт аб Дэмакратыі” кангрэсмэны “пераблыталі палітыку з эканомікай”.

Намесьнік старшыні камісіі нацыянальнай бясьпекі палаты прадстаўнікоў– Анатоль Красуцкі лічыць, што ўвядзеньне эканамічных санкцыяў сьведчыць аб двайных стандартах у ацэнцы дэмакратыі, і зьяўляюцца спробай палітычнага ціску на краіну ў пэрыяд вырашальных палітычных падзеяў – выбараў ў парлямэнт і рэфэрэндуму аб трэцім прэзыдэнцкім тэрміне. На думку Красуцкага “хутчэй за ўсё санкцыі не паўплываюць на эканоміку і палітычны курс сувэрэннай Беларусі, паколькі ў яе заўсёды былі і застаюцца іншыя эканамічныя і палітычныя вэктары”.

РЭАКЦЫЯ АПАЗЫЦЫЙНЫХ ПАЛІТЫКАЎ

Старшыня Сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Мікола Статкевіч бачыць пэўную небясьпеку “ Акту аб Дэмакратыі” ў эканамічнай сфэры. “Стратэгічныя прадпрыемствы Беларусі могуць унесьці ў чорны сьпіс, яны пазбавяцца выгадных кантрактаў і панясуць значныя страты”, – сказаў ён. Статкевіч лічыць, што крок амэрыканскіх кангрэсмэнаў беларускія ўлады могуць скарыстаць супраць беларускай апазыцыі, “паколькі большасьць беларусаў не ўхваляе амэрыканскія дзеяньні ў Югаславіі й Іраку”. Мікола Статкевіч адзначыў, што добра было б, калі б “ЗША выдзелілі больш сродкаў на падтрымку сацыяльных і адукацыйных праграмаў”. Ён спадзяецца, што магчыма будзе больш запрашэньняў для апазыцыйных палітыкаў на розныя паездкі і сэмінары.

У сваю чаргу старшыня Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі Анатоль Лябедзька адзначыў, што няслушна ўсе лічаць эканамічны аспэкт “Акту аб Дэмакратыі” – асноўным. Тым ня менш ён мяркуе, што для беларускага грамадзтва карысная была б падтрымка грамадзкіх аб’яднаньняў і арганізацыяў, якія займаюцца гуманітарнымі й сацыяльнымі праграмамі. Гэтак жа як і Мікола Статкевіч, Анатоль Лябедзька не спадзяецца фінансавай дапамогі для сваёй партыі й падкрэсьлівае, што фінансаваньне палітычных партыяў з-за мяжы забароненае законам.

• Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША адзінагалосна прыняла “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”
XS
SM
MD
LG