Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшаў 2000-ы нумар незалежнай штодзённай грамадзка-палітычнай газэты “Народная воля”, але рэдакцыі не да сьвяткаваньняў


Ганна Соусь, Менск З гэтай нагоды наша карэспандэнтка пагутарыла з галоўным рэдактарам газэты Іосіфам Сярэдзічам.

У рэдакцыі “Народнай волі” сёньня звычайны працоўны дзень. Галоўны рэдактар Іосіф Сярэдзіч кажа, што калектыву пакуль не да ўрачыстасьцяў. Цягам дзевяці гадоў газэта ня мае нармальнага доступу ў спэцыялізаваную друкарню “Беларускі дом друку”, і таму ўжо а трэцяй гадзіне заўтрашні нумар павінен быць цалкам падрыхтаваны, — што, натуральна, адбіваецца на апэратыўнасьці газэты.

Сярод іншых праблемаў Іосіф Сярэдзіч адзначае і дыскрымінацыйную тарыфную палітыку “Белпошты”, якая адмоўна адбіваецца на фінансавым становішчы газэты. Працу ўскладняюць і шматлікія судовыя разьбіральніцтвы.Учора суд Ленінскага раёну Менску задаволіў чарговыя фінансавыя патрабаваньні да “Народнай волі” бізнэсоўца і ўладальніка газэты “Обозреватель” Сяргея Атрошчанкі й пастанавіў спагнаць з рэдакцыі 840 тысяч рублёў. Усяго за мінулы год рэдакцыя была вымушаная сплаціць на карысьць Сяргея Атрошчанкі й былога старшыні Белдзяржтэлерадыёкампаніі Ягора Рыбакова каля 70 мільёнаў рублёў.

(Сярэдзіч: ) “І той жа Атрошчанка добра разумее, што за ўсё гэта яму давядзецца трымаць адказ, у тым ліку і за “наезд” на “Народную волю”. Але ж сёньня мы губляем час, нэрвы, магчымасьць рабіць газэту лепшай, таму ў такіх вось дзікунскіх умовах прыходзіцца кожны дзень рабіць чарговы нумар газэты”.

Я запыталася ў галоўнага рэдактара “Народнай волі”, ці адчувае калектыў рэдакцыі ціск з боку ўладаў напярэдадні рэфэрэндуму і выбараў у Палату прадстаўнікоў.

(Сярэдзіч: ) “Мы працуем у межах заканадаўства, не зьвяртаючы ўвагі на тое, што нам кажуць з боку вышэйшых уладаў. Я шкадую толькі пра адно — што наша грамадзтва пакуль яшчэ настолькі напалохана, што незалежны друк для іх — як бы забаронены. І сёньня тое, што наклад “Народнай волі” абмяжоўваецца 30 тысячамі асобнікаў, гэта сьведчыць не пра тое, што газэта ня мае больш прыхільнікаў, а сьведчыць пра тую сытуацыю, якая складася ў нашай краіне”.
XS
SM
MD
LG