Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады прыпынілі выданьне газэты “Неделя” пасьля першага ж нумару


Ігар Карней, Менск Рэдакцыя недзяржаўнага штотыднёвіка “Неделя”, які на мінулым тыдні пачаў выходзіць замест зачыненай Міністэрствам інфармацыі газэты “Время”, здолела выпусьціць толькі адзін нумар: загадам міністра інфармацыі Ўладзімера Русакевіча ад сёньня выхад “Недели” прыпынены тэрмінам на тры месяцы. Прычыны забароны на друк у міністэрстве не называюць. У рэдакцыі тым часам кажуць, што ніякіх афіцыйных дакумэнтаў не атрымлівалі й рыхтуюцца да выпуску чарговага нумара выданьня.

Рэдактар газэты “Неделя” Генадзь Ананьеў у інтэрвію Радыё Свабода заявіў, што не зьбіраецца прыпыняць выпуск выданьня, пакуль не атрымаў афіцыйнага дакумэнта.

(Ананьеў: ) “Мяркую, што такое рашэньне ёсьць, але справа ў тым, што я яго ня бачыў і ня чуў пра яго нічога. Мяне ніхто не паставіў у вядомасьць, што яно існуе ўвогуле. Таму наступны нумар газэты выйдзе абавязкова, бо, яшчэ раз кажу, мяне афіцыйна не папярэджвалі. А на падставе чутак мы ня можам спыняць дзейнасьць”.

Я затэлефанаваў у Міністэрства інфармацыі, каб спраўдзіць, як кажа спадар Ананьеў, “чуткі” пра закрыцьцё штотыднёвіка “Неделя”. Начальнік аддзелу рэгістрацыі міністэрства Віктар Гурэцкі запэўніў: калі рэдакцыя адпаведнага паведамленьня яшчэ й не атрымала, то гэта толькі справа часу.

(Гурэцкі: ) “Мы ім яго накіравалі, таму атрымаюць… Загад такі ёсьць. Але я магу назваць толькі нумар загаду і дату. Астатнюю інфармацыю можна даведацца толькі празь пісьмовы запыт да кіраўніцтва. Загад датаваны 5 кастрычніка: на тры месяцы прыпыніць выпуск газэты”.

(Карэспандэнт: ) “Выпуск папярэдніцы “Неделі”, газэты “Время”, быў прыпынены на падставе няправільна ўказанага юрыдынага адрасу. У дадзеным выпадку сытуацыя аналягічная?”

(Гурэцкі: ) “Пакідаю без камэнтароў. Зьвяртайцеся пісьмова, ці на мінстра выходзьце — ня ведаю. Бо пытаньне вельмі складанае”.

Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, газэта “Неделя” — дзясятае незалежнае выданьне, якое пацярпела ад уладаў часам выбарчай кампаніі.
XS
SM
MD
LG