Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У дакумэнтах асабістага паходжаньня адметнасьці часу адлюстраваныя больш дакладна, чым у афіцыйных дакумэнтах


Галіна Жарко, Менск Сёньня – дзень архівіста. Архівы асабістага паходжаньня павінны стаць часткаю інфармацыйнага рэсурсу грамадзтва, упэўненыя прафэсійныя захавальнікі дакумэнтаў.

Якімі лічбамі можна ацаніць каштоўнасьць беларускіх архіваў? Толькі ў Нацыянальным архіве Беларусі захоўваецца больш за 11 мільёнаў справаў. Самы старажытны дакумэнт датуецца 1391 годам.

А напярэдадні прафэсійнага сьвята навукоўцы сабраліся, каб абмеркаваць тэму асабістых архіваў. “У дакумэнтах асабістага паходжаньня адметнасьці часу адлюстраваныя больш дакладна, чым у афіцыйных дакумэнтах” – мяркуе Ўладзімер Сьвярчкоў, загадчык аддзела Нацыянальнага архіву Беларусі.

Хоць архівы й зацікаўленыя ў камплектаваньні фондаў дакумэнтамі асабістага паходжаньня, але няма цэнтралізаванага фінансаваньня праграмы набыцьця гэтых дакумэнтаў у архіваўладальнікаў. Літаратурныя архівы маюць артыкул такіх расходаў, а вось Нацыянальны архіў вырашае праблему ў кожным канкрэтным выпадку. Нядаўна партыйны й дзяржаўны дзеяч Аляксандар Аксёнаў перадаў частку сваіх дакумэнтаў на бязвыплатнай аснове.

Перадача асабістага архіва ў дзяржаўны можа займаць ад некалькіх дзён да некалькіх дзесяцігодзьдзяў. Дакумэнты фонду Пятра Машэрава паступаюць у архіў невялікімі порцыямі з 80-х гадоў. Некаторымі набыткамі, як напрыклад, архівам Ларысы Геніюш, архівісты асабліва ганарацца. Цэлыя легенды існуюць, як гэты архіў быў дастаўлены з Зэльвы ў Менск. Выконваючы апошнюю волю, перавезьлі зь Вільні архіў Зоські Верас. Але, паводле гісторыка-архівіста Віталя Скалабана, ня ўсё атрымалася.

(Скалабан: ) “Не змаглі атрымаць архіў Панамарэнкі. У большай частцы архіў Панамарэнкі захоўваецца ў Расейскім дзяржаўным архіве сацыяльна-палітычнай гісторыі. Архіў багаты на машынапісныя копіі па гісторыі партызанскага руху. Многія хуткія расейскія літаратары на падставе гэтага архіва зараз выдаюць сэнсацыйныя кніжкі”.

Увогуле, выдавецтвы зацікаўленыя набыць асабістыя архівы дзяржаўных дзеячоў, бо мэмуары – заўсёдныя бэстсэлеры. А паміж архівістамі сьвету існуе дамова, што арыгіналы дакумэнтаў з архіву ў архіў, з краіны ў краіну не перадаюцца. Напрыклад, фонд Радзівілаў раскіданы паміж Беларусьсю, Польшчаю, Літвою, Украінаю й Нямеччынай.

Якім чынам архівісты вызначаюць каштоўнасьць асабістае калекцыі дакумэнтаў? Правіла якім карыстаюцца архівісты, калі праводзяць экспэртызу, такое: не спрабаваць прадбачыць магчымасьці выкарыстаньня ў будучыні, а разглядаць каштоўнасьць дакумэнту з пункту гледжаньня інфарматыўнасьці аб мінулым. І паводле грамадзянскае значнасьці асобы, якой дакумэнты належаць.

Ці існуюць цяпер праблемы з тым, каб азнаёміцца з архіўнымі дакумэнтамі? Раней дасьледчык творчасьці Дуніна-Марцінкевіча і таксама архівіст Язэп Янушкевіч, каб азнаёміцца з дакумэнтамі, зьвязанымі зь пісьменьнікам, мусіў зьвяртацца ў Міністэрства ўнутраных справаў. Цяпер ёсьць зьмены ў лепшы бок. Але закон аб архіўнай службе ў Беларусі, прыняты пасьля набыцьця краінаю незалежнасьці, паводле спадара Янушкевіча, не працуе як належыць:

(Янушкевіч: ) “Архівы ў нас павінны быць больш адкрытыя – як, напрыклад, архіў Кангрэса Амэрыкі ці ў Англіі. Дакумэнты рассакрэчваюцца праз 10-15-20-40 гадоў. І праз паўстагодьдзя сакрэтаў ужо няма. У нас жа, на жаль, у 1991 годзе (я гэта ведаю з асабістага досьведу) павінны былі быць расскарэчаныя дакумэнты 1920-30-х гадоў – скажам, сумна вядомая справа “Саюзу вызваленьня Беларусі”, дзе галоўным ідэолягам праходзіць Вацлаў Ластоўскі. Ужо рабіліся намаганьні, каб проста перадаць гэта з Камітэту дзяржаўнае бясьпекі нам, навукоўцам. Паколькі самі палкоўнікі й генэралы разумеюць, што гэта для іх мёртвы, непатрэбны матэрыял. Ім трэба працаваць з жывымі агентамі. А мінулае – праўдзівае ці не праўдзівае – іх не цікавіць. На жаль, гэта засталося нерэалізаваным”.

Але спадар Янушкевіч настроены аптымістычна, бо лічыць, што так, хоць і штучным чынам, ствараецца своеасаблівы “запас” на дзесяцігодзьдзі наперад. Колькі дысэртацыяў будзе напісана, калі доступ да таямніцаў стане свабодны...
XS
SM
MD
LG