Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьдзек з кандыдатаў перад тэлекамэрамі ў Віцебску: брак прафэсіяналізму ці наўмысны сабатаж?


Браніслава Станкевіч, Віцебск Адразу некалькі дэмакратычных кандыдатаў адмовіліся ад запісу на Віцебскай тэлестудыі. Алег Тычына, Яраслаў Берніковіч ды Уладзімер Алексенка лічаць, што агітацыйны выступ па абласным тэлебачаньні ня толькі не паспрыяе іхнай папулярнасьці, але нават папсуе ўражаньні выбарцаў.

Колькі дзён таму наша радыё перадавала паведамленьне з Гомелю пра тое, што на тамтэйшым тэлебачаньні выступы дэмакратычных кандыдатаў рэдагавалі, цэнзуравалі і нават не дапускалі да эфіру. У Віцебску прамовы кандыдатаў не рэдагуюць. І ўвогуле пра нейкія прэтэнзіі да зьместу кандыдаты даведваюцца хіба празь некалькі дзён, калі ім касуюць рэгістрацыю – я маю на ўвазе выпадкі з Паўлам Севярынцам ды Ўладам Токаравым, якіх “зьнялі” пасьля таго, як прагучалі іхныя выступы па радыё.

Але вернемся да тэлевізійных выступаў, ад якіх адмовіліся ўжо прынамсі трое дэмакратычных кандыдатаў. Зь якой прычыны? Вось меркаваньне аднаго зь іх, Яраслава Берніковіча з Глыбокага:

(Берніковіч: ) “Ніхто ў нас ніколі не ўключае гэты “Лад”, бо там глядзець няма чаго. Па-другое, перадача ідзе а 6-й вечара, калі людзі яшчэ ці на працы, ці з працы йдуць, ці па крамах ходзяць. Так што сэнсу – няма”.

Таму Яраслаў Берніковіч мяркуе, што найлепшая агітацыя – гэта кампанія “Ад дзьвярэй да дзьвярэй” – гэта значыць, непасрэдныя гутаркі з выбарцамі, і знаёмства зь імі, скажам так, не з экрана тэлевізара, а проста “ў жыцьці”.

Але ж Яраслаў Берніковіч жыве ў досыць невялікім гарадку, дзе яго й так добра ведаюць – так што, мажліва, тэлевізійны выступ для жыхароў ягонага рэгіёну і ня дужа актуальны. А вось якімі меркаваньнямі кіруецца, адмаўляючыся ад тэлеэфіру, да прыкладу, Уладзімер Алексенка, які жыве ў Віцебску?

Ён лічыць непрымальнымі тыя ўмовы, у якіх адбываецца запіс. Гэта пяць хвілінаў запісу бяз дубляў, інакш кажучы, без аніякае магчымасьці паправіць свой выступ, калі ў часе прамовы здарыцца нейкая нечаканасьць або памылка.

(Алексенка: ) “Я баюся непрывабнага зьнешняга выгляду. І таму ўмовы, якія прадастаўляе тэлерадыёкампанія, я лічу непрымальнымі – не прадугледжаная нават магчымасьць прагляду зьнятага матэрыялу, каб кандыдат мог вырашыць, выпускаць ягоны запіс у эфір або не”.

Паслухаўшы спадара Алексенку, я вырашыла зьвярнуцца да адмыслоўцы – колішняга рэжысэра праграмаў недзяржаўнай тэлестудыі “Скіф” і цяперашняга супрацоўніка віцебскай кампаніі “Арт-відэа” Юрася Сьцяпанава, каб ён крыху распавёў пра асаблівасьці працы ў тэлестудыі і пра тое, як можна дапамагчы таму, хто трапіў туды ўпершыню.

(Сьцяпанаў: ) “Кожны запіс на тэлебачаньні—гэта вельмі складаная справа. Патрэбны адмысловы грым з улікам пэўнага асьвятленьня. Мы абавязкова раім, як чалавеку сесьці: каб ён ня гойдаўся, не хістаўся. І абавязкова кажам: “не хвалюйцеся, калі вы скажаце нешта ня так, памыліцеся, мы маем магчымасьць гэта перапісаць, нешта змантаваць…”

А цяпер, дзеля параўнаньня са сказаным раней – уражаньні ад здымак кандыдата зь Лепелю Алега Тычыны:

(Тычына: ) “Калі я прыйшоў, то адразу запытаўся: “Дзе ў вас грымёрка?” Кажуць: “Не прадугледжана. Вы гатовы?” Ну, сеў за стол. А сядзеў на такім крэсьле – на колцах і бяз сьпінкі. Дык пашырэй расставіў пад сталом ногі ды ўчапіўся за ножкі стала, каб назад не каціцца. Кажуць: “Чакайце!” Я ж думаў, што чакаць трэба хвіліну ці паўтары. Аж сядзеў хвілінаў сем, пакуль усё пачалося”.

Дазволю сабе завяршыць аповед спадара Тычыны: скончылася ўсё тым, што ў яго ад хваляваньня ды гарачыні сеў голас, і ён папрасіў спыніць запіс. Запіс спынілі – і ўсё: сказалі, што сваю магчымасьць выступіць на тэлебачаньні ён ужо скарыстаў. Усе ягоныя намаганьні, у тым ліку заняткі зь вядомай дыктаркай, народнай артысткай Зінаідай Бандарэнка, пайшлі прахам.

Дарэчы, увечары 5 кастрычніка ў часе чарговае праграмы выступаў віцебскіх кандыдатаў трансьляцыя нечакана спынілася, і на некалькі хвілін гледачам паказалі не мясцовых, а менскіх кандыдатаў. Напэўна, усе заўважылі, што абстаноўка ў тамтэйшай студыі зусім іншая: мяккая каляровая падсьветка, у выступоўцаў няма сполаху на тварах…

Можа, няма ў віцебскіх тэлевізійшчыкаў нейкіх падступных плянаў, а ёсьць толькі брак прафэсіяналізму? Так ці інакш, але кандыдаты ня хочуць выступаць на віцебскім тэлебачаньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG