Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кожны тыдзень рахункі з жыцьцём зводзяць каля дзесятка жыхароў Віцебскай вобласьці


Падрыхтавала Любоў Лунёва Агляд незалежнага друку

Газэта “Народная Воля” на дзьве паласы зьмясьціла інтэрвію Вячаслава Оргіша з прэзыдэнтам фонду МКТ Іванам Анташкевічам. Апошні – былы будаўнік. Ён разважае на тэму выбараў і робіць выснову, што Аляксандр Лукашэнка вычарпаў давер народа.

У працяг выбарчай тэмы – артыкул Сьвятланы Новікавай пра рэйтынгі палітыкаў ды агляд сацыяльнага становішча ў краіне.

Аўтар “НВ” Пётр Васілеўскі прапануе чытачам інтэрвію з мастаком Гаўрыілам Вашчанкам з нагоды адкрыцьця выставы ягоных твораў.

Газэта “Витебский курьер” на першай паласе пад загалоўкам “Беларусі патрэбная не апазыцыя, а альтэрнатыва” зьмясьціла інтэрвію з Паўлам Севярынцам. Лідэр “Маладога Фронту” распавёў пра акалічнасьці сваіх узаемаадносінаў з выбарчай камісіяй. У прыватнасьці, пра тое, што старшыня выбаркаму сп. Меньжынская адмовілася размаўляць зь яго даверанай асобай.

У працяг выбарчай тэмы аўтары газэты распавядаюць пра сход, які арганізавала ў памяшканьні кавярні дэпутатка Вольга Карач. Яна была даверанай асобай Валерыя Фралова. На сход раптам прыйшлі міліцыянты й паведамілі, што паводле іх інфармацыі ў кавярні закладзеная бомба. Натуральна, бомбу не знайшлі, але сход сарвалі.

“Харчовая бясьпека можа быць небясьпечнай для здароўя” – пад такім загалоўкам аналітычны матэрыял пра стан беларускай эканомікі.

Журналісты “Витебского курьера” надрукавалі лічбы распаўсюду ВІЧ-інфэкцыі ў Талочынскім раёне. Яны зрабілі выснову, што ў Беларусі СПІД распаўсюджваецца хутчэй, чым у Афрыцы.

Двое школьнікаў прыйшлі рабаваць кватэру, у якой была дзяўчынка 3 клясы. Сёньня ў гэтым няма нічога надзвычайнага, але хлопцы ўзялі з сабой гранату РГД. Калі іх затрымалі міліцыянты, то спачатку нават выклікалі сапёраў, але высьветлілася, што ад гранаты быў толькі корпус. Непаўнагадовыя злачынцы разьлічвалі такім чынам напалохаць сваіх патэнцыйных ахвяраў.

Газэта некалькі месяцаў запар дае зьвесткі колькасьцяў здарэньняў і самазабойстваў. У гэтым нумары журналісты падлічылі, што кожны тыдзень рахункі з жыцьцём зводзяць каля дзесятка жыхароў Віцебскай вобласьці. На мінулым тыдні 12 чалавек скончылі жыцьцё самагубствам.

Лунінецкая газэта “Информ-прогулка” надрукавала артыкул, прысьвечаны Дню настаўніка. Журналісты правялі апытаньне – ці прэстыжная прафэсія настаўніка? Найбольш цікавы адказ дырэктара вучэльні наконт таго, што высокакваліфікаваны выкладчык – гэта прэстыжна, а вось прафэсія настаўніка – не.

Чытачы газэты скардзяцца ў рэдакцыю на занадта доўгі рамонт чыгункі ад Лунінца да Мікашэвічаў. Цягнікі ходзяць нерэгулярна і гэта стварае шмат нязручнасьцяў – прычым невядома, калі рамонт скончыцца.
XS
SM
MD
LG