Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ратамцы “пасяліўся” прэзыдэнцкі жарабец


Ігар Карней, Менск У стайні конна-спартовага цэнтру ў Ратамцы пад Менскам зьявіўся новы гадаванец – конь адной з самых элітных у сьвеце пародаў, арабскай. Як стала вядома, жарабец – падарунак Аляксандру Лукашэнку ад ягонага расейскага калегі Ўладзімера Пуціна. І калі ў Беларусі з гэтага факту робяць таямніцу, то на тэрыторыі СНД падобныя падарункі – справа даволі звыклая.

Навіну пра арабскага скакуна ў конна-спартовым цэнтры ў Ратамцы ведаюць, але дзеляцца ёю вельмі акуратна. Праўда, у кулюарах пра каня мне апавялі практычна ўсё. Конь – жарабец-трохгодка. Паводле конскіх мерак – учорашняе жарабя. Цяпер яго трэба навучыць, як кажуць, “добрым манэрам” – асабліва з улікам таго, каго давядзецца на сабе вазіць.

Сам Лукашэнка жарабца быццам яшчэ й ня бачыў, затое супрацоўнікі адміністрацыі прэзыдэнта тут частыя госьці. Дарэчы, варта сказаць, што Урал Латыпаў якраз сумяшчае пасады кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі й Фэдэрацыі коннага спорту Беларусі.

Адзін з трэнераў расказаў, што за сродкі коннага цэнтра на каня ўжо накуплена процьма рознай амуніцыі – ажно на 13 тысячаў эўра; толькі адно сядзеньне пацягнула на 2,5 тысячаў эўра. Спартовец з гэтай нагоды толькі пашкадаваў, што дзіцячая “вучэбка” ў Ратамцы такіх грошай ніколі ня мела, і навучэнцы самі купляюць амуніцыю і сабе, і на каня.

Тое, што жарабца падарыў Лукашэнку прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, хаваюць толькі падначаленыя беларускага лідэра. Цалкам натуральна, што напярэдадні рэфэрэндуму падобныя падарункі лепей не афішаваць: кошт жарабцоў-вытворцаў па ўсім сьвеце дасягае мільёну даляраў. І хоць ратамскаму жарабцу да такой пэрспэктывы яшчэ далёка, ягоны кошт таксама вымяраецца дзесяткамі тысячаў даляраў.

А напярэдадні я меў тэлефанаваньні ды ліставаньні з супрацоўнікамі прэсавай службы адміністрацыі прэзыдэнта Расеі: прасіў пацьвердзіць факт падобнага падарунка. Там адказалі, што нічога дзіўнага ў гэтым няма, бо Пуцін дорыць коней нават меншым у статусе расейскім губэрнатарам. А наконт нейкіх падрабязнасьцяў сказалі, што арабскіх скакуноў добра ведаюць у адным з найбольш элітных у Расеі Міжнародным конным клюбе “Прадар”. Дарэчы, менавіта тут да нядаўняга часу працаваў Віктар Угрумаў – самы аўтарытэтны беларускі адмысловец, ад паслугаў якога, тым ня меней, адмовіліся ў той жа Ратамцы.

Запытваю па тэлефоне ў трэнера Віктара Лапікава: якія асаблівыя ўмовы патрэбныя для каня такой элітнай пароды?

(Лапікаў: ) “Зноў жа – дзеля якіх мэтаў? Калі ён павінен удзельнічаць у забегах, то, натуральна, нагляд за ім мусіць быць адпаведны: адмысловыя трэнінгі, прыстасаваньні, трэнэры, амуніцыя. Калі проста пакатацца – то, натуральна, дастойны нагляд, але й без усіх гэтых дадатковых прыстасаваньняў конь не памрэ. Іншая справа, што ў жывёлы ў прынцыпе павінны быць добрыя ўмовы. Ёсьць яны ў Ратамцы, альбо не? – гэта асобнае пытаньне”.

Таксама цікаўлюся: ці адпавядаюць рэальнасьці расповеды пра тое, што амуніцыя для арабскіх коней каштуе надзвычай дорага?

(Лапікаў: ) “Увогуле, усё так і каштуе. Калі ўлічыць, што сядзеньне можа каштаваць 2,5-3 тысячы даляраў, а боты – 1,5 тысячы даляраў, то ўсё цалкам рэальна”.

І хоць Аляксандра Лукашэнку ніколі яшчэ ня бачылі на кані, трымаць у стойле дарагога скакуна, які мае статус прэзыдэнцкай уласнасьці, сярод ягоных калегаў па СНД зараз вельмі прэстыжна. Пуцін, як сказалі ў ягонай адміністрацыі, штогод дорыць да дзесятку коней, атрымліваючы пры гэтым ня меней шыкоўныя экзэмпляры. Апошні падарунак прыйшоў ад караля Ярданіі – адразу тры чыстакроўныя арабскія скакуны, кошт якіх роўны бюджэту невялікага горада.

На дзень нараджэньня прэзыдэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў атрымаў ахалтэкінца ад самага вялікага знаўцы коней, прэзыдэнта Туркменістану Сапармурада Ніязава. У сваю чаргу, Назарбаеў дарыў коней і Пуціну, і Ельцыну. Летась падобны падарунак ад Туркмэнбашы быў адрасаваны і ўкраінскаму лідэру Леаніду Кучму. Дарэчы, у прэзыдэнцкай канюшні Ніязава – болей за 200 найлепшых коней, таму цалкам верагодна, што геаграфію туркменскай прысутнасьці Ніязаў яшчэ пашырыць.

Нарэшце, сёлета у гэтым сьпісе апынуўся і Аляксандар Лукашэнка: да ўладальнікаў элітных коней яго наблізіў Уладзімер Пуцін. І ўжо зусім ня выключана, што да сваіх сталых спартовых інтарэсаў, як гульня ў хакей ці гонкі на лыжаролерах, дадасьць скачкі на кані і беларускі лідэр.
XS
SM
MD
LG