Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады прыпынілі выхад газэты “Неделя” пасьля першага ж нумару – гэта ўжо дзясятае выданьне, якое пацярпела за час выбарчай кампаніі


Валер Каліноўскі, Менск Міністэрства інфармацыі сёньня прыпыніла тэрмінам на 3 месяцы недзяржаўную газэту “Неделя”. Газэта змагла выпусьціць толькі адзін нумар. Гэта ўжо дзясятае выданьне, якое пацярпела за час выбарчай кампаніі.

Загад падпісаў міністар інфармацыі Ўладзімер Русакевіч 4 кастрычніка, але аформлены ён быў ужо 5-га, пра гэта паведамілі ў сэктары рэгістрацыі прававога ўпраўленьня міністэрства. На пытаньне, у чым сутнасьць прэтэнзіяў і пазыцыі Мінінфарамцыі на гэты конт супрацоўнік апошняга сказаў:

(Супрацоўнік: ) “Пазыцыі ў нас няма... Я вам паўтараю: пытаньні ў пісьмовай форме, калі ласка”.

Такім чынам у Мінінфарамцыі змаглі паведаміць толькі нумар загаду, і па камэнтар парэкамэндавалі зьвяртацца да выдаўцоў газэты.

Аднак намесьнік дырэктара прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Выдавецкі дом “Время”, якое выдае “Неделю” Аляксандр Цынкевіч зазначыў, што ніякай інфармацыі аб прэтэнзіях да газэты яму не паступіла. Учора газэту правярала падаткавая інспэкцыя, але размова інспэктараў з кіраўніцтвам газэты была перанесеная.

Юрыдычных падставаў для перасьледу выданьня няма, заявіў спадар Цынкевіч, толькі палітычныя:

(Цынкевіч: ) “Рэжым гэта робіць не ад сваёй сілы, а ад сваёй слабасьці. Улада не адчувае сваёй упэўненасьці, і для таго, каб перакрыць крыніцы інфармацыі для народа, яны закрываюць прэсу”.

Як паведаміў спадар Цынкевіч, газэта "Неделя" вымушаная была друкавацца ў Смаленску, бо ва ўсіх беларускіх друкарнях, у якія зьвярталася кіраўніцтва рэдакцыі, зь імі адмовіліся супрацоўнічаць, “Белсаюздрук” і “Белпошта” адмаўляліся заключаць дамовы на распаўсюд газэты.

Сёньня ж Смаленскі паліграфічны камбінат адмовіўся прымаць у друк чарговы нумар выданьня. Першы і пакуль што апошні нумар штотыднёвіка "Неделя" трапіў да чытачоў 23-га верасьня накладам 40 тысяч асобнікаў і раздаваўся праз сетку грамадзкіх распаўсюднікаў ва ўсіх абласьцях Беларусі.

Гэта дзясятае незалежнае выданьне, прыпыненае беларускімі ўладамі за час перадвыбарчай кампаніі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG