Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская дэмакратычная апазыцыя вітае прыняцьцё “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі” Палатай прадстаўнікоў


Альгерд Невяроўскі, Менск Адзінагалоснае прыняцьцё "Акту аб дэмакратыі ў Беларусі" Палатай прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША камэнтуюць Радыё Свабода прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай апазыцыі. Зь лідэрам партыі БНФ Вінцуком Вячоркам і былым намесьнікам міністра замежных справаў Беларусі Андрэям Саньнікавым зьвязаўся наш карэспандэнт.

Лідэр БНФ Вінцук Вячорка вітае “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” і спадзяецца, што зь ягонай дапамогай вяртаньне Беларусі на шлях дэмакратыі адбудзецца хутчэй:

(Вячорка: ) “Самае важнае для дэмакратыі ў Беларусі – гэта сытуацыя ў Беларусі. Гэта дэмакратычныя працэсы, якія адбываюцца ў галовах беларускіх грамадзянаў. Бяз гэтага ня можа быць будучыні ў незалежнай, дэмакратычнай Беларусі. Калі гэтаму ствараецца спрыяльны міжнародны фон, то вяртаньне Беларусі на шлях дэмакратыі адбудзецца хутчэй.

І я думаю, што прыняцьцё Акту аб дэмакратыі ніжняй палатай амэрыканскага парлямэнту ёсьць сьведчаньнем таго, што да Беларусі, як да часткі эўрапейскай, эўраатлянтычнай цывілізацыі ёсьць вялікая й прыхільная ўвага. Думаю гэта станоўчая падзея.

Калі ўжо так склалася, што гэты Акт прыняты напярэдадні выбараў, думаю гэта павінна служыць вельмі сур’ёзным сыгналам наконт таго, што ў выпадку парушэньня дэмакратычных нормаў, а яны ўжо відавочна парушаныя вынікі ані выбараў, ані рэфэрэндуму ня могуць быць прызнаныя за дэмакратычнае выяўленьне беларускага народу”.

Былы намесьнік міністра замежных справаў, адзін зь лідэраў эўрапейскай кааліцыі “Свабодная Беларусь” Андрэй Саньнікаў прагназуе, што гэты заканадаўчы акт выкліча нэгатыўную рэакцыю беларускіх уладных колаў. Але пытаньні, што паставіў гэты Акт афіцыйнаму Менску, пакуль застаюцца без адказу:

(Саньнікаў: ) “Гэта даволі чаканае рашэньне. Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прыняла Акт аб дэмакратыі адзінагалосна . І наколькі я ведаю, яшчэ да заканчэньня гэтай сэсіі Сэнат таксама плянуе разгледзіць гэты Акт.

Я лічу, што гэта даволі чаканае рашэньне таму, што ўсё, што адбываецца ў Беларусі было ў цэнтры ўвагі амэрыканскіх законатворцаў, і яны відавочна адрэагавалі на тую сытуацыю, якая склалася ў Беларусі.

Акт відавочна выкліча нэгатыўную рэакцыю беларускіх уладных колаў, але пытаньні, якія ставяцца ў гэтым Акце застаюцца пакуль што без адказу. Гэта зьніклыя, сувязі рэжыму Лукашэнкі з тэрарыстычнымі рэжымамі ў сьвеце, гандаль зброяй. І таму я лічу, што грамадзтва таксама павінна адпаведным чынам адрэагаваць на гэты Акт”.

Гл. таксама • Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША адзінагалосна прыняла “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”
XS
SM
MD
LG