Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачалі сыходзіць з выбарчай гонкі кандыдаты "ад ўлады"


Валер Каліноўскі, Менск — калі іх двое на акругу... Пасьля таго, як шэраг кандыдатаў ад ЛДПБ, а таксама кіраўнік Рэспубліканскай партыі Ўладзімер Белазор сышлі з выбарчай дыстанцыі, спрасьціўшы тым самым абраньне праўладных кандыдатаў, пачалі здымаць свае кандыдатуры й тыя прадстаўнікі ўладных структураў, якія неафіцыйна лічыліся “дублёрамі” кандыдатаў ад улады. Першы такі выпадак адбыўся ў Вялейскай акрузе.

Старшыня Ільянскага сельсавету Галіна Кутас — адна зь нямногіх праўладных кандыдатаў, якая вяла сваю агітацыю па-беларуску. Яе праграмны выступ па Беларускім тэлебачаньні многіх уразіў апантанай падтрымкай трэцяга тэрміну Аляксандра Лукашэнкі. Спадарыня Кутас заявіла, што Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца “ў росквіце фізычных і разумовых здольнасьцяў” і “ўвасабляе найлепшыя якасьці беларускага народу”.

Спадарыня Кутас таксама казала, што яна пачала сваю перадвыбарчую кампанію, каб выканаць жаданьне Аляксандра Лукашэнкі наконт таго, каб у парлямэнце было болей жанчын. Але нават падобныя заявы не выратавалі Галіну Кутас ад цяжкасьцяў выбарчага працэсу. Яшчэ ў пятніцу яна рыхтавала свае сустрэчы з выбаршчыкамі, а ў панядзелак увечары, пасьля паездкі ў Вялейскі райвыканкам, нечакана заявіла, што здымае сваю кандыдатуру.

(Кутас: ) “Сёньня цяжкі дзень — я зьняла сваю кандыдатуру... Што ж, прычыну толькі бацюшку на споведзі можна сказаць”.

Галіна Кутас такім чынам вырашыла сапраўдныя прычыны зьняцьця сваёй кандыдатуры пакінуць у таямніцы, зазначыўшы толькі, што гэта адбылося “з асабістых меркаваньняў”.

Былы канкурэнт Галіны Кутас па Вялейскай акрузе №79 дзейны дэпутат Ігар Баслык, які ўваходзіць у групу “Рэспубліка”, мяркуе, што ўлады націснулі на спадарыню Кутас, каб яна не перашкаджала іншаму іх кандыдату — дырэктару Вялейскага камбікормавага заводу Віктару Анікеенку.

(Баслык: ) “Улада хоча, каб не было ніякага “распылу” галасоў, каб за аднаго чалавека націснуць, сабраць галасы да кучы — і працягнуць яго”.

Ігар Баслык кажа, што і яго самога ўжо некалькі разоў улады “пераконвалі” адмовіцца ад перадвыбарчай кампаніі й саступіць дарогу іх кандыдату. Ігар Баслык называе гэтыя мэтады прыкладамі дэмакратыі па-беларуску, аднак няглядзячы на ціск і перашкоды ўладаў, разьлічвае на посьпех у барацьбе за мандат дэпутата.

***

Дарэчы, ня толькі праўладныя кандыдаты ствараюць паміж сабой у акругах канкурэнцыю. Часта ў адной акрузе балятуюцца некалькі дэмакратычных палітыкаў.

Нядаўна быў апублікаваны поўны сьпіс зарэгістраваных на сёньня кандыдатаў у дэпутаты. Прааналізаваўшы гэты дакумэнт, можна ўбачыць, што ў 30 акругах спаборнічаюць паміж сабой прадстаўнікі кааліцыі “Пяцёрка плюс”, у 25 акругаў – вылучэнцы “пяцёркі” супернічаюць з палітыкамі ад кааліцыі “Свабодная Беларусь”.

Прывядзем некалькі найбольш яркіх прыкладаў. Напрыклад, у Старавіленскай акрузе нумар 105 у Менску зарэгістраваныя дырэктар беларускага ліцэю Уладзімер Колас ад партыі БНФ, праваабаронца Алег Волчак ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады і Аляксандр Цынкевіч ад АГП.

Па Ясенінскай акрузе нумар 101 ідуць Валянціна Сьвяцкая ад БНФ, Яўген Лабановіч ад АГП і Леанід Гарбачоў ад “Народнай Грамады”.

А ў Каліноўскай 108-ай акрузе з цяперашняй дэпутаткай Вольгай Абрамавай, а таксама паміж сабой пазмагаюцца Юры Хадыка і Мікола Статкевіч.

Урэшце, спадар Статкевіч, адзін зь лідэраў эўрапейскай кааліцыі “Свабодная Беларусь” і старшыня беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” сёньня падчас онлайнавай канфэрэнцыі на сайце беларускай Свабоды заявіў, што цяпер адбываюцца кансультацыі старшыняў усіх апазыцыйных партыяў наконт магчымасьці зьняцьця адных дэмакратычных кандыдатаў на карысьць іншых, больш моцных.
XS
SM
MD
LG